Ціханоўская: Пагроза для ўлады — не кандыдаты, а народ



„Я хачу стаць прэзідэнтам, каб аднавіць справядлівасць у гэтай краіне”, — заявіла кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская 21 ліпеня ў сваім першым тэлевыступе 21 ліпеня на канале „Беларусь 1”.

„Я не палітык, — сказала яна. — Гэта мой муж Сяргей Ціханоўскі хацеў балатавацца ў прэзідэнты Беларусі. І за гэта ён зараз у турме. Мой муж знаходзіцца ў СІЗА, бо хацеў лепшага жыцця для беларусаў. Мае дзеці кожны дзень пытаюцца, калі вернецца іх тата”.

Ціханоўская нагадала, што год таму яе муж стварыў праект „Краіна для жыцця”, у якім „распавядаў пра карупцыю і безгаспадарчасць, сустракаўся з людзьмі розных прафесій, ездзіў па Беларусі і слухаў простых людзей з вёсак і маленькіх гарадоў”. „У іх апавяданнях было шмат болю, шмат расчаравання, шмат неразумення, чаму яны так дрэнна жывуць. Гэта былі адкрытыя гісторыі пра тое, у якіх умовах жыве большая частка беларусаў, пакуль іх урад памнажае палацы, самалёты, катэджы ў Драздах, — сказала Ціханоўская. — Калі Сяргей вырашыў ісці на прэзідэнцкія выбары, па ўсёй краіне выстраіліся чэргі з ахвотных паставіць за яго свой подпіс. Праект „Краіна для жыцця” і сам Сяргей уразілі людзей, але напалохалі ўладу. Далей былі правакацыі з боку ўрада, знявагі, арышты, адмова ў рэгістрацыі. Улады дзейнічалі звыклымі метадамі і думалі, што на гэтым усё скончыцца. Але яны не зразумелі, што ўсё толькі пачынаецца”.

Ціханоўская таксама адзначыла, улады не дазволілі зарэгістраваць кандыдатамі ў прэзідэнты не толькі яе мужа, але і Віктара Бабарыку, Валерыя Цапкалу, таму што „яны бачаць у гэтых мужчынах пагрозу”. „Мой муж разам з іншымі кандыдатамі разбудзіў беларусаў, якія ўжо не вернуцца ў зручны для ўрада сонны стан”, — падкрэсліла Ціханоўская.

„Я нічога не буду вам абяцаць. Для гэтага ў нас ёсць іншыя людзі. 26 гадоў яны раздаюць пустыя абяцанні. Яны кажуць пра добрую пенсію, зарплату „па пяцьсот”, працу, годную ахову здароўя, але не стрымліваюць сваіх абяцанняў. Я ж распавяду вам пра тое, што на самай справе адбываецца ў краіне, пра тое, што вы не ўбачыце па тэлевізары”, — сказала яна.

Так, паводле слоў Ціханоўскай, па тэлевізары не распавядуць пра „вельмі нізкі рэйтынг” дзейнага прэзідэнта, пра чэргі, у якія выстройваліся беларусы з патрабаваннем вызваліць палітвязняў.

„Па тэлевізары вам не пакажуць, што людзі, якіх хапае АМАП, проста мірна шпацыравалі на вуліцы і не рабілі нічога дрэннага, але гэта праўда, — падкрэсліла кандыдат. — Па тэлевізары вам не пакажуць, што абсалютная большасць супраць цяперашняй улады і хоча новага прэзідэнта, але гэта праўда. Па тэлевізары вам не пакажуць, што беларусы моляць настаўнікаў і ўсіх, каго прымушаюць падрабляць падлік галасоў, не згаджацца на гэта злачынства, але гэта праўда. Па тэлевізары вам не пакажуць, у якой галечы жыве большая частка насельніцтва і як багата жывуць чыноўнікі, але гэта праўда. Па тэлевізары вам не пакажуць, што ад каронавіруса памерла нашмат больш чалавек, чым кажа Міністэрства аховы здароўя, але гэта праўда”.

Ціханоўская таксама пералічыла тэлевядучых, якія былі звольненыя за апошні час. „Па тэлевізары вам не пакажуць, што вашых любімых вядучых звольнілі за тое, што яны асмеліліся выказацца супраць прэзідэнта. Меліта Станюта, Дзмітрый Урангель, Антон Мартыненка, Дзядзька Ваня, Маргарыта Ляўчук і іншыя былі звольненыя, таму што не згодныя з цяперашняй уладай. І гэта праўда. Зараз тэлевізар у гэтай краіне належыць аднаму чалавеку, таму ўсе, хто глядзіць тэлевізар, ніколі не даведаюцца праўды”, — заявіла Ціханоўская.

belapan.by