Ціханоўская: Палітвязні атрымаюць кампенсацыі за кошт тых, хто іх затрымліваў і судзіў
«Сёння пачаўся суд над аўтарам YouTube-канала «Слуцк для жыцця» Уладзімірам Неронскім, — гаворыцца ў паведамленні ў тэлеграм-канале Ціханоўскай. — Уладзімір распавёў суддзі, што ў яго ІЧУ няма ацяплення, а ён голіцца дагала, каб не кусалі вошы. Тры дні ён знаходзіўся ў карцэры з клапамі на Акрэсціна. Больш за восем месяцаў яго ўтрымлівалі за кратамі, каб сёння абвінаваціць у абразе чыноўніка і парушэнні грамадскага парадку. Гаворка пра тую самую сустрэчу ў Гародні, на якой затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Да таго моманту Неронскі быў у турме ўжо тры тыдні, але гэта не хвалюе тых, хто будзе абвяшчаць прысуд.
Усе гэтыя месяцы ў Беларусі збіваюць мірных людзей, зневажаюць чалавечую годнасць беларусаў, але чалавеку, які падтрымаў майго мужа, пагражае некалькі гадоў у турме.
Але ў новай Беларусі будзе немагчыма называць нявінных людзей злачынцамі, а злачынцаў — суддзямі і пракурорамі.
Таму сёння я перадаю імёны тых, хто вядзе гэты працэс, на ўнясенне ў санкцыйныя спісы. Гэта «пацярпелы» старшыня Слуцкага райвыканкама Андрэй Янчэўскі, «суддзя» Аляксандр Рыбакоў, «пракурор» Аляксандр Ляўковіч. Кожны, хто незаконна пазбаўляе іншых людзей свабоды і вядзе палітычныя справы, патрапіць у Адзіную кнігу рэгістрацыі злачынстваў і панясе адказнасць.
У новай Беларусі палітвязні будуць рэабілітаваныя і атрымаюць кампенсацыі за кошт тых, хто іх затрымліваў, абвінавачваў і судзіў.
Так было ў дэмакратычных краінах, якія пазбавіліся ад свайго злачыннага рэжыму. Уладзімір Неронскі і ўсе, хто сёння пакутуе за свае перакананні, гэта героі новай Беларусі, і ставіцца да іх мы будзем адпаведна».
Беларускае Радыё Рацыя