Ціханоўская пасля рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты звярнулася да мужа
Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў кандыдатам у прэзідэнты Святлану Ціханоўскую, жонку вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага. Ён першапачаткова планаваў удзел у выбарчай кампаніі, але пасля арышту гэтую задачу ўзяла на сябе яго жонка, Святлана.
Пасля рэгістрацыі яна сказала журналістам, сябрам сваёй ініцыятыўнай групы і іншым прысутным, што ў яе супрацьлеглыя адчуванні, але больш радасці, таму што яна зможа і надалей змагацца за свайго мужа і за іншых людзей у краіне. Яна асудзіла нерэгістрацыю найбольш моцных альтэрнатыўных кандыдатаў – Віктара Бабарыкі Валера Цапкалы.
– Магчыма, будуць нейкія змены ў сувязі з нерэгістрацыяй двух альтэрнатыўных прэтэндэнтаў, але, канешне ж, касцяк у нас ёсць. Я б падзякавала ўсіх тых людзей, якія самааддана цэлы месяц збіралі подпісы, бо, як вы самі разумееце, 100 чалавек сабралі больш за 100 тысяч подпісаў. Не стамляюся паўтараць, што гэта подзвіг нашых прыхільнікаў і ўсіх людзей, якія прыходзілі падпісвацца за нас.
Журналісты падчас імправізаванай прэсавай канферэнцыі каля Цэнтрвыбаркаму спыталі ў Святланы Ціханоўскай, што б яна хацела наўпрост сказаць свайму мужу, які зараз знаходзіцца ў карцары следчага ізалятара:
– Сяргей, я цябе вельмі моцна кахаю! Я гэта ўсё раблю толькі дзеля цябе і людзей, якія за табою пайшлі і табе паверылі. Дзеля ўсіх, хто да нас яшчэ далучыцца.
Святлана Ціханоўская сказала, што наўрад ці ён гэтыя словы пачуе, таму што зараз знаходзіцца ў карцары СІЗА і ў яго няма ні тэлевізара, ні іншай сувязі са знешнім светам. „Канешне, на яго ціснуць, спрабуюць зламаць. Але ён моцны духам, ён не зламаецца,” – кажа Святлана Ціханоўская.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота: belapan.by