Ціханоўская перадала Еўразвязу прапановы пра ўдзел Беларусі ва Усходнім партнёрстве
Прапановы аб далейшым удзеле Беларусі ва Усходнім партнёрстве перададзеныя Еўразвязу, паведаміла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 7 ліпеня на брыфінгу ў Вільні. Трансляцыя брыфінгу вялася ў „Твітэры” Ціханоўскай.
Ціханоўская паведаміла, што 6 ліпеня ў яе таксама адбыліся сустрэчы з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША Джорджам Кентам і кіраўніком МЗС Канады Маркам Гарно.
Паводле слоў беларускага дэмакратычнага лідара, у гэты час ідзе падрыхтоўка яе візіту ў ЗША, але даты паездкі і дэталі праграмы яна пакуль паведаміць не можа.
Беларускі дэмакратычны лідар таксама паведаміла, што працягвае кансультацыі па арганізацыі канферэнцыі высокага ўзроўню для вырашэння крызісу ў Беларусі. „Я ўжо ўздымала гэтае пытанне з канцлерам Аўстрыі Себасцьянам Курцам і міністрам замежных спраў Славеніі Анжэ Логарам, канцылярыяй Ангелы Меркель і прадстаўнікамі АБСЕ. Шарль Мішэль таксама заявіў, што ЕС гатовы падтрымаць гэтую канферэнцыю”, — сказала Ціханоўская.
Падчас брыфінгу Ціханоўская абвясціла 16 ліпеня Днём салідарнасці з беларускімі жанчынамі. „Менавіта 16 ліпеня 2020 года мы з Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкалай за 15 хвілін вырашылі аб’яднаць намаганні і працу нашых штабоў, — растлумачыла яна.
Беларускае Радыё Рацыя