Ціханоўская перадала ў ЕЗ „спіс Тарайкоўскага”



Святлана Ціханоўская перадала кіраўніцтву Еўразвяза санкцыйны „спіс Тарайкоўскага”, куды ўключаныя асобы, якія маюць дачыненне да катаванняў затрыманых і незаконных арыштаў, падчас двухдзённага (17—18 лістапада) візіту ў Швецыю.

Паводле звестак прэс-службы Ціханоўскай, у межах візіту экс-кандыдат у прэзідэнты сустрэлася са спікерам шведскага парламента і кіраўніцтвам МЗС. Палітык заклікала Швецыю пераарыентаваць праграмы фінансавай дапамогі, каб яны паступалі не рэжыму Лукашэнкі, а грамадзянскай супольнасці. Гаворка ідзе пра 24 млн еўра, якія плануецца накіраваць на дапамогу рабочым — удзельнікам страйку, журналістам, актывістам, праваабаронцам і ўсім ініцыятывам, што змагаюцца за свабоду Беларусі.

На сустрэчы са шведскімі парламентарыямі Ціханоўская абмеркавала падтрымку сярэднетэрміновай праграмы стабілізацыі перад новымі выбарамі ў Беларусі. Гэтая праграма (да 150 млн еўра) уключае ў сябе дапамогу малому бізнесу, рабочым, студэнтам і ўсім, хто зведаў рэпрэсіі.

Шведскія дэпутаты „абяцалі падтрымку ў пытанні адмены або пераносу чэмпіянату свету па хакеі з Беларусі і націску на кампаніі, якія працягваюць супрацоўніцтва з прадпрыемствамі рэжыму, якія рэпрэсуюць страйкоўцаў”, гаворыцца ў паведамленні.

Паводле слоў Ціханоўскай, дапамога грамадзянскай супольнасці Беларусі, як і санкцыі, — вельмі тэрміновыя пытанні. „Кожны дзень прамаруджвання — гэта дзясяткі збітых, параненых і, магчыма, забітых. Мы разлічваем на аднагалосную пазіцыю ўсіх краін, для якіх важныя правы чалавека і дэмакратыя”, — заявіла яна.

На сустрэчы з прэм’ер-міністрам Швецыі Стэфанам Лёвенам абмеркаваныя падзеі на „Беларуськаліі” і „Гродна Азоце”. Лёвен раней быў адным з лідараў прафсаюзнага руху Еўропы, некалькі разоў наведваў Беларусь і супрацоўнічаў з мясцовымі прафсаюзамі. Ціханоўская „расказала пра сітуацыю ў Новай Баравой з перакрыццем вады і ацяплення”. „Яна назвала гэта дзяржаўным тэрорам і заклікала Швецыю адрэагаваць на злачынствы супраць чалавечнасці і ўводзіць новыя санкцыі”, — паведаміла прэс-служба беларускага палітыка. Ціханоўская і Лёвен абмеркавалі забойства Рамана Бандарэнкі, знішчэнне мемарыяла ў яго гонар і магчымую дапамогу паслоў, якія застаюцца ў Беларусі.

Падчас інтэрв’ю шведскім СМІ Ціханоўская звярнулася да прыватных еўрапейскіх кампаній і заклікала перагледзець кантракты з беларускімі партнёрамі, падтрымаць тых, хто змагаецца за свабоду. Яна заклікала еўрапейскія банкі адмовіцца ад супрацоўніцтва з „Беларусбанкам” і „Белаграпрамбанкам”.

19 лістапада Савет ЕЗ разгледзіць пытанне ўвядзення новых санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў.

belapan.by