Ціханоўская пра разгон пенсіянераў: Акт гвалту супраць тых, каго гадамі лічылі самым лаяльным электаратам



 „Я ў захапленні ад таго, як актыўна пенсіянеры падтрымліваюць пратэстоўцаў і выказваюць сваю пазіцыю”, — заявіла экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская, каментуючы сённяшнія маршы пенсіянераў.

„Але сёння рэжым пераступіў чарговую рысу: сілавікі ўжылі петарды і слезацечны газ супраць пенсіянераў. Гэта акт гвалту супраць тых, каго гадамі лічылі самым лаяльным электаратам. Цяпер відавочна: рэжым гатовы абараняць толькі сябе. Але мы, беларусы, гатовыя абараняць свой народ, таму павінны давесці справу да канца і дамагчыся новых выбараў”, — цытуе Ціханоўскую яе прэс-служба.

Ціханоўская нагадала, як казала пенсіянерам падчас перадвыбарнай кампаніі: „Пенсія, якой іх шантажуе рэжым, выплачваецца не асабіста прэзідэнтам. Гэта грошы, якія яны сумленна зарабілі. І зараз гэтую пенсію аплачваюць іх дзеці і ўнукі”.

Марш пенсіянераў у Менску, які пачаўся на плошчы Незалежнасці, завяршыўся разгонам з ужываннем спецсродкаў каля 1-й клінічнай бальніцы.

belapan.by