Ціханоўская — пра суд над Бабарыкам: Ужо ў першы дзень нам адмовілі ў праўдзе
Экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская выступіла з заявай у сувязі з пачаткам 17 лютага судовага працэсу ў дачыненні да экс-кіраўніка „Белгазпрамбанка” і прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, прызнанага палітзняволеным.
Ціханоўская нагадала, што сёння ў суд не дапусцілі нікога з незалежных журналістаў — інфармацыю аб тым, што адбываецца, давялося атрымліваць у адвакатаў.
„Дзясяткі людзей хацелі трапіць у залу пасяджэння, таму што суд абвясцілі адкрытым, але ім адмовілі. Адвакат Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі запатрабаваў адвод суддзі, таму што яго жонка працуе ў бюро з адвакатам абвінавачання, але яму адмовілі”, — адзначыла яна.
Затым, падкрэсліла палітык, адвакат падаў хадайніцтвы аб змене меры стрымання Бабарыку на хатні арышт, аб зняцці арышту з маёмасці, аднак ні адно з іх задаволенае не было.
„Затое дазволілі зняць наручнікі, каб Віктар Бабарыка мог жэстыкуляваць. Але толькі тады, калі ён дае паказанні. У астатні час — „па рашэнні суда”. Усё гэта — толькі першы дзень суда над Віктарам Дзмітрыевічам. Але ўжо ў першы дзень нам адмовілі ў праўдзе”, — заявіла экс-кандыдат.
На яе думку, тое, што адбываецца на працэсе, сведчыць пра тое, што „бяспекі, закона, прэзумпцыі невінаватасці ў рэжыму больш няма”. „За кратамі можа апынуцца кожны, пасля чаго прапагандысты з дзяржаўных СМІ будуць патрабаваць, каб чалавек даводзіў сваю невінаватасць. Прыклад таму — гісторыі сотняў беларусаў”, — дадала палітык.
Яна нагадала, што цяпер па справе яе мужа Сяргея Ціханоўскага судзяць актывістаў Дзмітрыя Фурманава, Уладзіміра Кнігу, Яўгена Разнічэнку, за „праўду пра забойства Рамана Бандарэнкі” — журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, хутка пачнецца суд над урачом Арцёмам Сарокіным, які падзяліўся з журналістамі медыцынскай дакументацыяй Бандарэнкі.
На думку Ціханоўскай, „вызваліць гэтых людзей можам толькі мы самі — спыніўшы гэты крызіс, дамогшыся перамоў і новых сумленных выбараў”.
Справа „Белгазпрамбанка”, па якой праходзіць Бабарыка, узнікла летам мінулага года, праз месяц пасля таго, як ён абвясціў аб сваім удзеле ў прэзідэнцкай кампаніі і пакінуў пасаду старшыні праўлення банка. 11 чэрвеня 2020 года ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка” прайшоў вобшук, падчас якога было канфіскавана блізу 4 млн даляраў, каштоўныя паперы на 500 тыс. даляраў, золата, аблігацыі, а таксама паўтары сотні карцін з карпаратыўнай калекцыі „Белгазпрамбанка” (яна фармавалася з 2011 года) коштам прыкладна 20 млн даляраў. Большасць чальцоў праўлення банка былі затрыманыя.
18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку — асноўнага суперніка Аляксандра Лукашэнкі ў перадвыбарнай кампаніі. Былому банкіру выставілі абвінавачанне на падставе ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, а таксама легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры).
Топ-менеджарам „Белгазпрамбанка” Сяргею Шабану, Аляксандру Ільясюку, Кірылу Бадзею, Дзмітрыю Кузьмічу, Аляксею Задойку і Сяргею Дабралёту было выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 430 КК, заснавальніку ТАА „Актыўлізінг” Віктару Кабяку — паводле ч. 2 арт. 431 КК (даванне хабару ў буйным памеры).
4 лютага адбылося папярэдняе пасяджэнне па справе. Яго прызначылі ў сувязі з тым, што Бадзей, Дабралёт, Кузьміч, Ільясюк, Шабан і Кабяк заключылі дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве.
Працэс па справе „Белгазпрамбанка” праходзіць у будынку суда Маскоўскага раёна Мінска. Журналістам недзяржаўных СМІ ў акрэдытацыі адмоўлена, нягледзячы на тое што суд абвешчаны адкрытым. Заяўку БелаПАН на асвятленне працэсу адхілілі без растлумачэння прычын, некаторым медыя адмовілі ў акрэдытацыі з-за „недахопу месцаў”. Вядома, што акрэдытацыю атрымалі шэраг беларускіх дзяржаўных і расійскіх СМІ. Недзяржаўныя СМІ не змаглі трапіць на папярэдняе пасяджэнне па справе. Будынак суда ў той дзень быў зачынены для наведвальнікаў і акружаны металічнымі агароджамі, вакол дзяжурылі сілавікі.