Ціханоўская правядзе перамовы з прэзідэнтам ФРГ Штайнмаерам



Святлана Ціханоўская 13—14 снежня наведае Берлін з рабочым візітам, паведаміла прэс-служба экс-кандыдата ў прэзідэнты.

У першы дзень яна возьме ўдзел у экуменічнай малітве ў Берлінскім кафедральным саборы, пасля чаго выступіць з прамовай. У другі дзень Ціханоўская сустрэнецца з прэзідэнтам Германіі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам.

6 кастрычніка ў Берліне Ціханоўская правяла перамовы з канцлерам Ангелай Меркель. „Святлана Ціханоўская распавяла, што мірныя мітынгі ў Беларусі працягваюцца, і таму рэжым працягвае павялічваць колькасць палітвязняў. Многія народныя лідары, як Сяргей Ціханоўскі і Марыя Калеснікава, працягваюць знаходзіцца ў турме. Таму цяпер вельмі важна спыніць гвалт і вызваліць палітвязняў”, — паведаміла прэс-служба Ціханоўскай па выніках сустрэчы.

Яна падкрэсліла, што пратэсты ў Беларусі — гэта не барацьба супраць Расеі ці Еўропы, а следства ўнутрыбеларускага крызісу і галоўная мэта народа цяпер — новыя выбары. Важна, каб яны былі праведзеныя найбліжэйшым часам, паколькі 26 гадоў народ жыў пад націскам і трываць яго больш не мае намеру, сказала Ціханоўская.

Паводле яе слоў, беларускі народ таксама чакае інвестыцыйную падтрымку, дапамогу незалежным медыя і грамадзянскім арганізацыям для пераадолення наступстваў крызісу.

belapan.by