Ціханоўская просіць Нарвегію і Эстонію ініцыяваць новыя слуханні ў Савеце бяспекі ААН
Сітуацыя ў Беларусі і арганізацыя перамоў для мірнага вырашэння крызісу абмяркоўваліся падчас анлайн-сустрэчы 8 красавіка беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай з пасламі Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Даніі, Ісландыі, Нідэрландаў, Эстоніі, Латвіі і Канады.
Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, яна падкрэсліла важнасць узмацнення ціску на рэжым у Беларусі, каб прымусіць яго да перамоў і спыніць гвалт у краіне.
Ціханоўская абмеркавала з пасламі магчымасць узмацнення кропкавых санкцый супраць прадстаўнікоў рэжыму, вінаватых у рэпрэсіях, прыняцце чацвёртага пакета санкцый Еўразвязу, а таксама падтрымку беларускіх журналістаў, праваабаронцаў, студэнцкага і рабочага руху, малога бізнесу, які патрапіў пад рэпрэсіі.
На сустрэчы таксама абмяркоўвалася праца Міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці (International Accountability Platform for Belarus, IAPB), якая дапаможа прыцягнуць вінаватых да адказнасці ў міжнародных судах.
Ціханоўская паведаміла аб апошніх судовых прысудах удзельнікам акцый пратэсту, вобшуку ў праваабаронцы Эніры Браніцкай і выкліку яе на допыт, а таксама аб выкліку на допыт старшыні пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна” Алеся Бяляцкага. ПЦ „Вясна” прымаў удзел у стварэнні IAPB.
Ціханоўская прапанавала міністэрствам замежных спраў паўночных краін арганізаваць сустрэчы з удзелам беларускіх і міжнародных экспертаў у рамках папярэдніх кансультацый па падрыхтоўцы да перамоў з міжнароднай медыяцыяй.
„Паколькі Нарвегія і Эстонія з’яўляюцца непастаяннымі членамі Савета бяспекі ААН, Ціханоўкая прапанавала арганізаваць слуханні ў Савеце бяспекі ААН з нагоды эскалацыі гвалту і мірнага вырашэння крызісу ў Беларусі”, — паведамляе прэс-служба.
Ціханоўская таксама падзякавала Швецыі за прапанову выкарыстаць АБСЕ як галоўную пляцоўку для арганізацыі перамоў і прапанавала распрацаваць дарожную карту.
У Савеце бяспекі ААН ужо двойчы праходзілі неафіцыйныя пасяджэнні высокага ўзроўню па абмеркаванні сітуацыі ў Беларусі.
Першае пасяджэнне адбылося 4 верасня 2020 года. У ім удзельничала Святлана Ціханоўская і спецыяльны дакладчык ААН аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн.
Другое пасяджэнне прайшло 22 студзеня 2021 года. На ім выступілі больш за 30 прадстаўнікоў розных краін. Большасць з іх выказалі занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і ціскам на журналістаў. Яны заклікалі афіцыйны Менск вызваліць усіх адвольна затрыманых, уключаючы журналістаў, блогераў і супрацоўнікаў СМІ, а таксама выконваць свае абавязацельствы ў сферы правоў чалавека, уключаючы права на свабоду слова і свабоду сходаў. У падтрымку беларускіх уладаў выказаліся прадстаўнікі Расеі і Кітая.
Абодва пасяджэнні праходзілі па так званай „формуле Арыі”. „Формула Арыі” — гэта нефармальныя сустрэчы, якія наладжваюцца з мэтай абмену думкамі з выкарыстаннем гнуткіх працэдурных рамак і з удзелам асоб, якіх было б карысна заслухаць. Такі фармат пасяджэнняў названы ў гонар венесуэльскага дыпламата Дыега Арыі, які пачаў прымяняць гэтую практыку ў 1992 годзе ў якасці прадстаўніка Венесуэлы ў СБ ААН.