Ціханоўская прызначыла дарадцаў



Экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская, якая знаходзіцца за мяжой, прызначыла сваім старэйшым палітычным дарадцам члена палітсавета Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Аляксандра Дабравольскага, паведамляецца ў тэлеграм-канале яе прэс-службы.

Дабравольскі быў дэпутатам Вярхоўнага савета СССР у 1989—1991 гадах, а таксама дэпутатам Вярхоўнага савета Беларусі 13-га склікання (1995—1996). З’яўляецца дырэктарам Усходнееўрапейскай школы палітычных даследаванняў (зарэгістраваная ва Украіне).

Дарадцам па міжнародных адносінах Ціханоўская прызначыла беларускага журналіста Франака Вячорку, які таксама з’яўляецца аналітыкам Атлантычнага савета (аналітычны цэнтр са штаб-кватэрай у Вашынгтоне) і віцэ-прэзідэнтам платформы Digital Communication Network, якая аб’ядноўвае экспертаў у розных галінах з мэтай сумеснага стварэння інструментаў і прадуктаў для СМІ, бізнесу, арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Экс-кандыдат у прэзідэнты таксама прызначыла сваім прадстаўніком па справах моладзі і студэнтаў актывістку ініцыятывы „Маладзёжны блок” і члена асноўнага складу Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Алану Гебрэмарыям.

Ціханоўская таксама заявіла, што падтрымлівае працу Грамадскай канстытуцыйнай камісіі, якая займаецца распрацоўкай праекта зменаў і дапаўненняў Асноўнага закона ў рэдакцыі 1994 года. Старшынёй гэтай камісіі з’яўляецца старшыня Вярхоўнага савета Беларусі 12-га склікання (1994—1995), заслужаны юрыст Беларусі Мечыслаў Грыб, каардынатарам працы — экс-старшыня АГП, дэпутат ВС Беларусі 12-га (1990—1995) і 13-га скліканняў, кіраўнік цэнтра даследаванняў і прагнозаў развіцця „Еўрапейскі дыялог” Анатоль Лябедзька. Яны сталі яе прадстаўнікамі па канстытуцыйнай рэформе.

30 верасня Ціханоўская прызначыла прадстаўніком па правах чалавека Гары Паганяйлу — вядомага юрыста і праваабаронцу, які быў адвакатам па многіх справах аб правах чалавека ў Беларусі, у тым ліку справы Паўла Шарамета, Дзмітрыя Завадскага і іншых. Больш за 20 гадоў ён з’яўляецца намеснікам старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэта.

Прадстаўніком па эканамічных рэформах экс-кандыдат у прэзідэнты прызначыла эканаміста Алеся Аляхновіча, які з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Аналітычнага цэнтра CASE-Belarus, займаецца распрацоўкай эканамічных рэформаў для Беларусі.

БелаПАН