Ціханоўская прызначыла кіраўніка місіі ў Кіеве і дарадцу па моладзевай палітыцы
Святлана Ціханоўская прызначыла кіраўніка місіі дэмсіл у Кіеве і дарадцу па моладзевай палітыцы і студэнцтве.
Місію ў Кіеве ўзначаліць Генадзь Манько. Па словах Ціханоўскай, на працягу апошняга года ён адказваў за супрацу з палком Каліноўскага і «ўстанавіў добрыя кантакты ва Украіне».
Дарадцам па моладзевай палітыцы і студэнцтве стала Маргарыта Варыхава, якая ўзначальвае Беларускую нацыянальную моладзевую раду «РАДА».
«Маргарыта кіруе арганізацыяй «Рада» і мае значны палітычны досвед. Яна прадстаўляла Беларусь у кантактнай групе Рады Еўропы і ў Кансультатыўнай групе ў Еўразвязе», – сказала Ціханоўская.
Нацыянальная лідарка паведаміла, што ўзімку адбудуцца выбары ў Каардынацыйную раду, каб тая стала сапраўдным прадстаўнічым органам беларусаў. Перад выбарамі адбудзецца справаздача Каардынацыйнай рады.
Святлана Ціханоўская не абвяшчала цалкам склад Аб’яднанага пераходнага кабінету. Па выніках справаздачы паўнамоцтвы на наступны год пацвердзілі кіраўніку блоку «Транзіт улады» Паўлу Латушку, блоку «Замежныя справы» — Валеру Кавалеўскаму, блоку «Абарона і нацыянальная бяспека» — Валеру Сахашчыку і блоку «Нацыянальнае адраджэнне» — Аліне Коўшык.
Вакантнымі засталіся пасады кіраўнікоў сілавога і эканамічнага блокаў пасля сыходу з іх адпаведна Аляксандра Азарава і Таццяны Зарэцкай.