Ціханоўская: Раман Бандарэнка назаўжды застанецца героем Беларусі



Экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская выступіла з відэазваротам у сувязі са смерцю Рамана Бандарэнкі. Запіс размешчаны ў яе тэлеграм-канале.

„Я не ўяўляю, які жах адчувае маці, якой даводзіцца хаваць уласнае дзіця, — сказала яна. — Але я хачу звярнуцца да маці Рамана Бандарэнкі: прыміце мае самыя глыбокія спачуванні. Ваш сын стаў нявіннай ахвярай страшнай сістэмы, але для кожнага з нас ён назаўжды застанецца героем гэтай краіны”.

Ціханоўская адзначыла, што не ведала Рамана асабіста, але перакананая, што „яго забойства — гэта крымінальнае злачынства, па якім будзе праведзенае расследаванне, а ўсе вінаватыя панясуць адказнасць”. „Я ведаю, што Раман служыў у спецназе, а значыць, байцы спецназу цяпер павінны заступіцца за саслужыўца, бо маўчанне — гэта здрада воінскаму гонару”, — заявіла яна.

„Нам усім зараз не хапае слоў, каб апісаць сваю боль, — сказала экс-кандыдат у прэзідэнты. — Мы абвяшчаем жалобу на найбліжэйшыя дні і можам перажыць гэты боль толькі разам — на ланцугах памяці заўтра і маршах на выхадных. Мы ведаем, што ніколі не будзем падпарадкоўвацца тым, хто гатовы забіваць нас. Мы будзем выходзіць на пратэсты, мы будзем узмацняць забастоўкі, мы будзем пазбаўляць рэжым сродкаў да існавання, мы будзем дамагацца новых санкцый, міжнароднага пераследу і пакарання злачынцаў”.

„Мы будзем рабіць усё, што аслабляе рэжым, вяртае закон і набліжае нас да свабодных выбараў. Дзеля Рамана Бандарэнкі, дзеля палітзняволеных, дзеля сваіх родных, дзеля сябе і дзеля кожнага, хто быў забіты за жаданне жыць у новай Беларусі”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Спачуванні ў сувязі са смерцю Бандарэнкі выказала таксама Каардынацыйная рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу. „Яшчэ адзін мірны беларус быў забіты тымі, хто закліканы ахоўваць закон і парадак. Яшчэ адзін нявінны чалавек загінуў ні за што. Яшчэ адзін раз рэжым даказаў, што яму пляваць на грамадзян сваёй краіны”, — заявіла КР.

31-гадовы Раман Бандарэнка, затрыманы міліцыяй пасля інцыдэнту на „плошчы Перамен” на вуліцы Чарвякова ў Мінску ўвечары 11 лістапада, памёр на наступны дзень. Смерць маладога чалавека БелаПАН пацвердзіла яго сястра.

11 лістапада на сімвалічнай „плошчы Перамен”, у двары жылога дома, дзе на мясцовай трансфарматарнай будцы пастаянна з’яўляецца выява „дыджэяў Перамен”, здарыўся канфлікт. Згодна з паведамленнямі відавочцаў, вечарам туды прыехалі невядомыя і сталі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі, якімі ўпрыгожаны двор. Мясцовыя жыхары спрабавалі гэтаму супрацьстаяць, завязалася бойка. Бандарэнка быў затрыманы міліцыяй і дастаўлены ва УУС Цэнтральнага раёна.

Раніцай 12 лістапада ў СМІ з’явілася фатаграфія выпіскі з бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, з якой вынікала, што Бандарэнка знаходзіўся ў аддзяленні рэанімацыі нейрахірургічнага профілю ў цяжкім стане. У выпісцы пазначана, што яго даставілі ў такім стане з РУУС на вуліцы Арлоўскай, 58. Пазней лекары паведамілі, што ў маладога чалавека цяжкая закрытая чэрапна-мазгавая траўма, кровазліццё ў мозг, траўмы мяккіх тканак галавы. Ён быў у коме.

Днём ГУУС Мінгарвыканкама паведаміла, што па факце інцыдэнту на вуліцы Чарвякова праводзіцца праверка. „11 лістапада каля 22.30 у міліцыю паступіла паведамленне аб тым, што ў двары дома на вул. Чарвякова ў Мінску б’юцца невядомыя. Пры выбыцці супрацоўнікі міліцыі выявілі 31-гадовага грамадзяніна з цялеснымі пашкоджаннямі. У наступным праваахоўнікі выклікалі яму хуткую медыцынскую дапамогу. Мужчына шпіталізаваны. Папярэдне вядома, што канфлікт адбыўся з-за бел-чырвона-белых стужачак, якія былі развешаныя на канструкцыях у двары”, — гаварылася ў паведамленні.

Пасля весткі аб смерці Рамана Бандарэнкі на „плошчы Перамен” і ў іншых месцах Менска і краіны людзі сталі збірацца і запальваць свечкі ў памяць аб ім.

belapan.by