Ціханоўская распавяла, як вырашыць пытанне з пашпартамі беларусаў
“Кароткатэрміновае і доўгатэрміновае рашэнне” па пашпартах беларусаў — вымушаных эмігрантаў прапанавала Святлана Ціханоўская на сустрэчы з акрэдытаванымі ў Вільні прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса.
Як паведаміў “Позірку” галоўны дарадца дэмакратычнай лідаркі Франак Вячорка, пад кароткатэрміновым рашэннем маецца на ўвазе прызнанне сапраўднымі пашпартоў са скончаным тэрмінам дзеяння, выдача пашпартоў іншаземцам і доўгатэрміновыя віды на жыхарства, а таксама адмена патрабавання прадастаўляць даведкі і іншыя дакументы, атрымаць якія можна толькі ў Беларусі.
“Доўгатэрміновым рашэннем з’яўляецца наш новы беларускі пашпарт, які пацвярджае грамадзянства беларусаў, а таксама можа быць выкарыстаны ў якасці падставы для атрымання юрыдычных дакументаў у краіне знаходжання”, — сказала сама Ціханоўская на сустрэчы з дыпламатамі.