Ціханоўская разлічвае на хуткую сустрэчу з кіраўніцтвам Украіны



Экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская на сустрэчы з дэпутатамі групы „За дэмакратычную Беларусь” Вярхоўнай рады Украіны 12 лютага ў анлайн-фармаце заклікала ўлады краіны падтрымаць ініцыятывы прыхільнікаў перамен у Беларусі ў АБСЕ, ПАСЕ, ААН і на іншых міжнародных пляцоўках.

„Спадзяемся, што ў хуткім часе мы зможам сустрэцца з кіраўніцтвам Украіны і абмеркаваць суседскую будучыню нашых краін”, — прыводзіць словы Ціханоўскай яе прэс-служба.

Палітык заявіла, што „з-за страху страціць уладу Аляксандр Лукашэнка ўвёў цэлую краіну ў крызіс і сапсаваў адносіны са сваімі суседзямі”. „Ён ставіць пад пагрозу суверэнітэт краіны, дамаўляючыся аб інтэграцыі з Уладзімірам Пуціным. Былы прэзідэнт ставіцца да Беларусі як да свайго асабістага калгаса. Гэта разбурае эканоміку і ІТ-сектар, які вымушаны бегчы з краіны”, — адзначыла яна.

На думку Ціханоўскай, гандлёвыя адносіны Беларусі з іншымі краінамі развіваліся „зыходзячы з меркаванняў імгненнай выгады”. „Я ўпэўненая, што Беларусь і Украіна здольныя на большае. Супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі будзе плённым і доўгатэрміновым, калі яно стане для нас каштоўнасцю і прыярытэтам”, — лічыць палітык.

„Я ведаю, што многія ўкраінцы доўгі час ставіліся да Лукашэнкі або нейтральна, або нават станоўча, — адзначыла яна. — Яго прапагандзе ўдавалася прадаваць частцы ўкраінскага грамадства вобраз моцнага гаспадарніка і змагара з карупцыяй. У апошнія паўгода ён паказаў сваё сапраўднае аблічча: яго не цікавіць нічога, акрамя асабістай улады. Давер і павага да яго абрынулася паўсюль, у тым ліку ва Украіне”.

Ціханоўская падтрымала незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, згадала Міхаіла Жызнеўскага — Героя Украіны, ураджэнца Гомеля, які загінуў у Кіеве падчас „Рэвалюцыі годнасці” ў студзені 2014 года. „Крым паводле закона з’яўляецца часткай Украіны, аднак ужо некалькі гадоў дэ-факта кантралюецца Расеяй”, — канстатавала яна.

belapan.by