Ціханоўская разлічвае на сыход Лукашэнкі вясной
Аляксандр Лукашэнка будзе вымушаны сысці ў бліжэйшыя месяцы. Такое меркаванне выказала лідар беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю нямецкаму штотыднёвіку Bild am Sonntag, апублікаваным у нядзелю, 28 лютага, паведамляе «DW».
На думку Ціханоўскай, да адстаўкі Лукашэнку непазбежна прывядзе нарастаючы ціск на яго рэжым з боку ЕЗ і ЗША.
«Ціск будзе расці з кожным днём і аднойчы стане для Лукашэнкі празмерным, тады ён сыдзе, – заявіла Ціханоўская. – Рэжым Лукашэнкі ўпадзе яшчэ сёлета. Думаю, увесну ён сыдзе», – упэўненая Святлана Ціханоўская.
У сваю чаргу Павел Латушка заклікае Захад дамагацца поўнай эканамічнай ізаляцыі Беларусі. «Мы гатовыя трываць санкцыі шэсць або дванаццаць месяцаў, калі пасля гэтага сітуацыя палепшыцца», – адзначыў апазіцыянер у размове з журналістамі нямецкай штотыднёвай газеты «Welt am Sonntag».
З пункту гледзішча Латушкі, Еўразвяз мусіць прыпыніць усе эканамічныя стасункі з Беларуссю, каб апарат рэжыму Лукашэнкі не мог атрымліваць сродкаў на міжнародных фінансавых рынках. Пры гэтым апазіцыянер, як і Святлана Ціханоўская, упэўнены ў тым, што «вызначальная бітва» паміж пратэстоўцамі і цяперашнімі ўладамі разгорнецца ўжо ўвесну.
У выніку масавых пратэстаў, якія пачаліся ў Беларусі адразу пасля абвяшчэння Лукашэнкі пераможцам прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, фізічна пацярпелі, былі арыштаваныя і затрыманыя тысячы чалавек, у тым ліку дзясяткі журналістаў. Дзевяць чалавек загінулі.