Ціханоўская сустрэлася з дзяржсакратаром ЗША Блінкенам
Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Мюнхене з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам. Як паведамляецца ў Тэлеграм-канале офісу Ціханоўскай, яны абмеркавалі міжнародную рэакцыю на дзеянні рэжыму.
«Ціханоўская адзначыла, што сытуацыя з правамі чалавека пагаршаецца, рэпрэсіі ўзмацняюцца, рэжым пачынае гандляваць беларускім суверэнітэтам. Лукашэнка страціў самастойнасць і гатовы вярнуць ядзерную зброю ў краіну. Беларусь мае вырашальнае значэнне для бяспекі ў Еўропе і павінна быць у цэнтры міжнароднай увагі», — гаворыцца ў паведамленні.
Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: «Гаворка ішла пра пагрозы беларускаму суверэнітэту і незалежнасці, якія сыходзяць з боку Лукашэнкі і Расеі. Пра гэта ведаюць, нас чуюць. У нас цяпер ёсць саюзнікі па ўсім свеце».
Святлана Ціханоўская 17 лютага прыбыла ў Мюнхен, дзе выступіць на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Яна раскажа пра цяперашнюю сітуацыю ўнутры Беларусі, а таксама пра ролю Беларусі ў гарантаванні рэгіянальнай і агульнаеўрапейскай бяспекі.
У канферэнцыі бяруць удзел сусветныя лідары, у тым ліку генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш, віцэ-прэзідэнт ЗША Камала Гарыс, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і многія іншыя. Кіраўніцтва Расеі на канферэнцыі ня будзе, паведамляе svaboda.org.