Ціханоўская сустрэлася з Меркель



45 хвілін працягвалася ў Берліне сустрэча экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай і канцлера Германіі Ангелы Меркель.

„Святлана Ціханоўская расказала, што мірныя мітынгі ў Беларусі працягваюцца і таму рэжым працягвае павялічваць колькасць палітвязняў. Многія народныя лідары, як Сяргей Ціханоўскі і Марыя Калеснікава, працягваюць знаходзіцца ў турме. Таму цяпер вельмі важна спыніць гвалт і вызваліць палітвязняў”, — паведаміў тэлеграм-канал Ціханоўскай па выніках сустрэчы.

Яна падкрэсліла, што пратэсты ў Беларусі — гэта не барацьба супраць Расеі ці Еўропы, а следства ўнутрыбеларускага крызісу і галоўная мэта народа цяпер — новыя выбары. Важна, каб яны былі праведзеныя найбліжэйшым часам, паколькі 26 гадоў народ жыў пад ціскам і трываць яго больш не мае намеру, сказала Ціханоўская.

Паводле яе слоў, беларускі народ таксама чакае інвестыцыйную падтрымку, дапамогу незалежным медыя і грамадзянскім арганізацыям для пераадолення наступстваў крызісу.

Ціханоўская падарыла Меркель бел-чырвона-белы парасон і кнігу „Краіна Беларусь” у нямецкім перакладзе.

БелаПАН