Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Нідэрландаў



Падчас візіту ў Нідэрланды экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская 19 лістапада сустрэлася з прэм’ер-міністрам Маркам Рутэ.

„Яна заявіла, што для народа Беларусі вельмі важна, каб справы аб парушэнні правоў чалавека былі перададзеныя ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Святлана таксама абвясціла аб стварэнні цэнтра ўніверсальнай юрысдыкцыі ў Вільні, які будзе займацца зборам звестак аб злачынствах рэжыму супраць мірных беларусаў”, — паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай.

На сустрэчы абмеркаваныя і будучыя эканамічныя санкцыі ЕЗ супраць прадпрыемстваў, звязаных з беларускімі ўладамі. Як паведамлялася, міністры замежных спраў краін Еўразвязу падчас відэаканферэнцыі 19 лістапада пагадзіліся з неабходнасцю ўвядзення трэцяга пакета санкцый у дачыненні да Беларусі.

Экс-кандыдат у прэзідэнты расказала Рутэ пра гібель Рамана Бандарэнкі, якую яна назвала забойствам, а таксама пра рэпрэсіі ў дачыненні да актыўных удзельнікаў дваровых і раённых супольнасцяў і жорсткія дзеянні сілавікоў супраць мірнага насельніцтва.

„Ціханоўская заявіла, што беларусы маюць патрэбу ў дапамозе сусветнай супольнасці, і дадала, што падтрымка дэмакратыі і правоў чалавека не з’яўляецца ўмяшаннем у справы іншай дзяржавы, — гаворыцца ў паведамленні. — На пытанне аб стасунках з Расеяй Святлана адказала, што беларуская рэвалюцыя не мае антырасейскага характару, яна прадэмакратычная”.

Рутэ пацікавіўся лёсам палітвязняў. Ціханоўская паведаміла пра крымінальную справу ў дачыненні да яе мужа Сяргея Ціханоўскага і ўдакладніла, што цяпер прызнаных праваабаронцамі вязняў сумлення ў Беларусі ўжо 125. Пры гэтым у краіне не распачата ніводнай крымінальнай справы аб гвалце і катаваннях мірных пратэстоўцаў.

Прэм’ер-міністр Нідэрландаў выказаў „словы захаплення беларускім народам”. Рутэ заявіў, што краіна працягне дапамагаць Беларусі: каралеўства ўжо выдзеліла 1,6 млн долараў на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці.

БелаПАН