Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Аўстрыі і беларускай дыяспарай у Вене (абноўлена)



Святлана Ціханоўская знаходзіцца з рабочым візітам у Аўстрыі. 

Сёння яна сустрэлася з прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Белленам, а таксама 

– сустрэлася з беларускай дыяспарай у Вене;

– выступіла ў парламенце Аўстрыі і дыпламатычнай акадэміі Вены;

– пагутарыла з лідарамі дэпутацкіх фракцый Аўстрыі і распавяла пра катаванні ў беларускіх турмах: людзей трымаюць у нечалавечых умовах, заліваюць падлогу хлоркай, каб зняволеныя не маглі дыхаць, распранаюць дагала і прымушаюць спаць на бетоннай падлозе або металічных дубцах;

– заклікала аўстрыйскіх дэпутатаў падтрымаць міжнародную кампанію супраць катаванняў і за вызваленне зняволеных па палітычных матывах у Беларусі;

– распавяла пра сітуацыю з каронавірусам у Беларусі. Беларускія медыкі просяць СААЗ і міжнародную грамадскасць правесці рэальнае расследаванне пра фальсіфікацыі статыстыкі па Covid-19 у Беларусі;

– Ціханоўская падкрэсліла, што Аўстрыя можа адыграць важную ролю ў гісторыі Беларусі ў якасці пасярэдніка падчас перамоў: «Рэжым ужо аслаблены, і Аўстрыя можа дапамагчы ўзмацніць ціск для паскарэння старту перамоваў”, – заявіла беларуская дэмакратычная лідарка.

* * * 

Святлана Ціханоўская знаходзіцца з рабочым візітам у Аўстрыі. Сёння яна сустрэлася з прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Белленам, паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай.

Падчас сустрэчы Ціханоўская і Ван дэр Беллен:

– абмеркавалі эскалацыю рэпрэсіяў і раскол у элітах Беларусі, сітуацыю з палітвязнямі. Святлана Ціханоўская распавяла пра тое, што ў гадавіну Чарнобыльскай трагедыі сілавікі не давалі запаліць лампады каля храмаў у памяць пра ахвяраў катастрофы;

– абмеркавалі падтрымку Аўстрыяй закліку Ціханоўскай да мірнага ўрэгулявання крызісу ў Беларусі праз перамовы, якія прывядуць да свабодных прэзідэнцкіх выбараў у гэтым годзе. Аўстрыя разам з АБСЕ гатовая шукаць шляхі дапамогі ў арганізацыі дыялогу з рэжымам;

– казалі пра важнасць захавання суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, пра ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці і ўстойлівасці беларускага грамадства;

– ўзнялі пытанне пра сітуацыю з COVID-19 у Беларусі і спробах рэжыму схаваць рэальную статыстыку па захворванні.

Фота: t.me/tsikhanouskaya