Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам і кіраўніком МЗС Нідэрландаў
Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Гаагу сустрэлася з прэм’ер-міністрам Маркам Рутэ і міністрам замежных спраў Нідэрландаў Сігрыд Кааг. Яны абмеркавалі далейшыя крокі ЕЗ па каардынаванні дзеянняў з Вялікабрытаніяй, ЗША і Украінай для агульнага ціску на рэжым і новыя санкцыі.
Рутэ паабяцаў у дапамогу беларусам. „Рэжым панікуе, гэта факт. Тое, што ён зрабіў з самалётам, з’яўляецца беспрэцэдэнтным учынкам. І гэта доказ таго, што яны панікуюць у сваім бункеры. Мы будзе працягваць націск і будзем з усіх сіл біць па іх болевых месцах: па іх статусе, па іх становішчы, па іх кішэнях, па ўсім”.
Кааг запэўніла, што санкцыі могуць быць прыняты да 21 чэрвеня. Таксама абмеркавалі дапамогу грамадзянскай супольнасці: урачам, студэнтам, выкладчыкам, журналістам, якія знаходзяцца пад пастаянным ціскам або за кратамі.
Пасля сустрэчы Ціханоўская, Рутэ і Кааг правялі сумесную прэс-канферэнцыю. Святлана Ціханоўская падзякавала Нідэрландам за жорсткую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.
Рутэ адказаў, што ніколі за 10 гадоў на пасадзе прэм’ер-міністра не бачыў такога адзінства ў еўрапейскім савеце і ўпершыню бачыць такое аб’яднанне кіраўнікоў дзяржаў ЕЗ, – паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
Рутэ таксама паведаміў, што хацеў бы бачыць Ціханоўскі наступным прэзідэнтам Беларусі. Гэта першы выпадак, калі кіраўнік дзяржавы праводзіць сумесную прэс-канферэнцыю з Ціханоўскай – сам факт такога жэсту сведчыць аб прызнанні Ціханоўскай у якасці лідара Беларусі.
Пасля Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай і юрыстамі з нагоды заявы ў Міжнародны крымінальны суд, які знаходзіцца ў Гаазе, пра пачатак следчых дзеянняў у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.
Ціханоўская таксама выступіла перад прадстаўнікамі ўсіх асноўных фракцый у парламенце і кіраўніком кабінета міжнародных адносін нідэрландскага парламента. «Беларусь можа стаць гісторыяй поспеху ўсёй Еўропы, таму што наўпрост зараз беларусы змагаюцца за свабоду і за тыя каштоўнасці, на якіх стаіць Еўропа. І нам вельмі важна ведаць, што ў гэтай барацьбе мы не адны », – заявіла Святлана Ціханоўская.
Фота: t.me/tsikhanouskaya