Ціханоўская сустрэнецца з прэм’ер-міністрам і кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Польшчы



Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская наведае Польшчу, дзе сустрэнецца з прэм’ер-міністрам гэтай краіны Матэвушам Маравецкім і кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Кшыштафам Шчэрскім, паведамляе тэлеграм-канал палітыка.

Даты сустрэч не названыя.

Паведамляецца, што Ціханоўская таксама выступіць на адкрыцці навучальнага года Каледжа Еўропы і абноўленай праграмы Каліноўскага ў Варшаўскім універсітэце.

Акрамя таго, экс-кандыдат у прэзідэнты плануе сустрэцца з „прадстаўнікамі сілавых структур, якія адмовіліся выконваць злачынныя загады рэжыму і былі вымушаныя выехаць з Беларусі пад пагрозай пераследу, але плануюць актыўна дапамагаць тым, хто таксама хоча пакінуць службу на рэжым”. Мерапрыемства пройдзе ў Цэнтры беларускай салідарнасці.

У завяршэнне паездкі ў Ціханоўскай пройдуць сустрэчы з пасламі Канады і Нідэрландаў, а таксама прадстаўнікамі створанай з яе ініцыятыве Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі.

belapan.by