Ціханоўская, Цапкала і Калеснікава намінаваныя на прэмію імя Сахарава
Сацыял-дэмакратычная фракцыя Еўрапейскага парламена намінавала Святлану Ціханоўскую, Марыю Калеснікаву і Вераніку Цапкалу на праваабарончую прэмію імя Сахарава, паведамляе „Радыё Свабода”. Інфармацыя пра гэта апублікаваная на афіцыйным партале S&D.
«Уражаныя няспыннымі мірнымі дэмакратычнымі пратэстамі ў Беларусі супраць сфальсіфікаваных выбараў 9 жніўня, глыбока перакананыя, што сёлетняй прэміяй Сахарава трэба ўганараваць адважных беларускіх жанчын, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю ў сваёй краіне, — заявіла намесніца кіраўніка групы S&D Каці Піры.
Яна дадала, што сацыял-дэмакратычная фракцыя Еўрпарламенту знаходзіцца на баку народа Беларусі і асуджае падаўленне пратэстаў уладамі. Прэмія «За свабоду думкі» імя Сахарава штогод уручаецца Еўрапейскім парламентам асобам, якія зрабілі «выключны ўнёсак у барацьбу за правы чалавека па ўсім зямным шары». Раней таксама старшыня Еўрапейскай народнай партыі, былы старшыня Еўрапейскай рады і былы прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск прапанаваў вылучыць Святлану і Сяргея Ціханоўскіх на Нобелеўскую прэмію міру.