Ціханоўская ў Берліне сустракаецца з кіраўніцтвам МЗС Германіі і канцылярыі Ангелы Меркель



У межах трохдзённага рабочага візіту ў Германію Святлана Ціханоўская сустракаецца ў Берліне з кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў гэтай краіны, канцылярыі Ангелы Меркель, а таксама з прадстаўнікамі асноўных палітычных партый і беларускай дыяспары.

Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, галоўная мэта візіту — абмеркаваць правільнае рэагаванне на прымусовую пасадку самалёта Ryanair у Менску і адказ ЕЗ на гэтыя дзеянні.

Ціханоўская прапанавала „зрабіць больш эфектыўнай праграму дапамогі рэпрэсаваным студэнтам і даць ім магчымасць дыстанцыйнай адукацыі ў нямецкіх універсітэтах”. Таксама абмяркоўваліся праграмы падтрымкі лекараў, працоўных і незалежных медыя.

На сустрэчы з прадстаўнікамі МЗС Ціханоўская абмеркавала тэмы спрашчэння візавых працэдур, асабліва для беларусаў, якія тэрмінова выязджаюць з краіны, а таксама аказання дапамогі сем’ям рэпрэсаваных, у тым ліку часовыя рэабілітацыйныя праграмы ў Германіі пасля адкрыцця межаў.

„Ціханоўскую запэўнілі, што Меркель плануе ўздымаць пытанне Беларусі на самітах G7 і НАТА, да сустрэчы Байдэна з Пуціным. Беларусь прынцыпова стаіць у прыярытэце міжнароднага парадку дня і для Германіі, і для ўсяго ЕС”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

„З верасня Германія займае жорсткую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму. Галоўнае, каб падтрымка, якая аказваецца Германіяй, рэальна дапамагала беларусам. У нас ёсць поўны кансэнсус, што новыя выбары ў гэтым годзе — гэта вырашэнне крызісу. Я прыехала ў Берлін, каб гаварыць пра канкрэтныя праекты дапамогі беларусам і настаяць на тэрміновых санкцыях супраць рэжыму”, — прыводзіць словы Ціханоўскай яе прэс-служба.

belapan.by