Ціханоўская: Улады павінны спыніць затрыманні, выпусціць палітвязняў і пачаць перамовы



Мірны пратэст беларусаў паказаў свае вынікі, лічыць экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская.

„Рэжым зразумеў, што з беларусамі трэба размаўляць, таму Лукашэнка паехаў учора ў СІЗА КДБ, — гаворыцца ў заяве Ціханоўскай, якую размясціў яе тэлеграм-канал. — Ён лічыць, што так можна весці перамовы. Ён упэўнены, што, зымітаваўшы дыялог, можна забіць пратэст. Але беларусамі нельга маніпуляваць, з беларусамі нельга гандлявацца, беларусаў немагчыма раскалоць”.

Яна падкрэсліла, што для сапраўдных перамоваў улады павінны „спыніць сілавыя затрыманні, выпусціць палітвязняў і прызначыць час і месца перамоваў”.

„Калі гэтыя патрабаванні не будуць выкананыя — значыць, нас спрабуюць падмануць. І мы не паддадзімся на правакацыі. Мы будзем працягваць мірна і настойліва выходзіць на маршы і патрабаваць свайго: новых свабодных і празрыстых выбараў”, — заявіла палітык.

Ціханоўская нагадала, што сёння запланаваная чарговая акцыя прыхільнікаў перамен — Марш гонару. „За нашу краіну, народ і ўсіх беларусаў, якія працягваюць барацьбу. Наш мірны пратэст паказаў свае вынікі”, — заявіла яна.

belapan.by