Ціханоўская ўручыла медалі “Гонар і годнасць” жонкам загінулых беларускіх ваяроў



Сёння, 9 чэрвеня, Святлана Ціханоўская ў Вільні ўручыла медалі “Гонар і годнасць” жонкам загінулых беларускіх ваяроў. Імпрэза адбылася ў Цэнтры наведнікаў Сейма Літвы, дзе праходзіць перасоўная выстава ў гонар беларускіх хлопцаў, якія загінулі ва Украіне.

Узнагароды асабіста ў рукі атрымалі былая жонка Міраслава Лазоўскага Ніна Шыдлоўская і жонка Васіля Парфянкова Алена Гергель. Па іх словах, гэта вялікі гонар атрымаць узнагароды, але лепш бы іх мужы самі іх атрымлівалі.

– Дужа хацелася б, каб Міраслаў Лазоўскі мог узнагароду за мужнасць, адвагу і розум як камандзір атрымаць сам. На жаль, так не сталася. І я маю гонар атрымаць гэтую ўзнагароду, якая значыць вельмі шмат. Гэта прызнанне яго як ваяра, як чалавека, які быў на сваім месцы, які не шкадаваў сябе, забяспечваючы бяспеку іншым.

– Насамрэч, ніхто не ваюе за ўзнагароды. Гэта вайна за свабоду, перш за ўсё. Але зараз такая ўзнагарода вельмі важная, бо гэта ўшанаванне і гэта памяць пра чалавека. І для маіх дзяцей гэта таксама вельмі-вельмі важна, каб яны мелі гэтую ўзнагароду, каб яны яе шанавалі і бачылі, што іх тата – герой.

Паводле Святланы Ціханоўскай, гэтыя ўзнагароды як сімвал таго, што нашы людзі шануюць тое, што зрабілі беларускія ваяры дзеля свабоднай Беларусі, дзеля свабоднай Украіны:

– Я вельмі ўдзячная геральдычнай камісіі, што яны гэтую ўзнагароду распрацавалі і зрабілі, бо для людзей гэта важна. І важна для мяне ведаць, што частка Вольнай Беларусі будзе зараз сярод беларусаў ва Украіне. Можа гэта сагрэе іх сэрцы. Я б хацела, каб гэтыя ўзнагароды знаходзілі сваіх жывых намінантаў, каб больш не гінулі людзі ва Украіне і Беларусі.

Выстава «З Украінай у сэрцы» пра загінулых беларусаў ва Украіне ў Цэнтры наведвальнікаў Сейма Літвы будзе доўжыцца да 16 чэрвеня. Яна створаная фондам «Вольная Беларусь» і ўкраінскімі актывістамі. Пасля яна паедзе ў Варшаву і Прагу. Мэта выставы — увекавечыць імёны беларускіх герояў.матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя