Ціханоўская ўзяла ўдзел у анлайн-сустрэчы кіраўнікоў МЗС Люблінскага трохкутніка
Святлана Ціханоўская па запрашэнні ўкраінскага міністра замежных спраў Дзмітрыя Кулебы 29 студзеня ўзяла ўдзел у анлайн-сустрэчы кіраўнікоў МЗС-аў Люблінскага трохкутніка — Украіны, Польшчы і Літвы.
На сайце Ціханоўскай паведамляецца, што яна падзякавала Украіне за рашэнне не прызнаваць Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам, а таксама падзякавала краінам Люблінскага трохкутніка за дапамогу беларусам, якія былі вымушаныя пакінуць сваю радзіму.
Ціханоўская заклікала суразмоўцаў „прыняць больш эфектыўныя індывідуальныя санкцыі супраць усіх асоб, якія маюць дачыненне да фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсій, уключаючы самога Лукашэнку”, а таксама выказала меркаванне аб эфектыўнасці ціску на рэжым шляхам кропкавых эканамічных санкцый супраць „бізнесменаў і фірм, так званых кашалькоў Лукашэнкі”. Яна заклікала не фінансаваць рэжым Лукашэнкі і „пераключыць праграмы, якія тычацца Беларусі, з дзяржаўных на недзяржаўныя суб’екты, дзе гэта магчыма”, а таксама прапанавала разгледзець магчымасць стварэння „міжнароднай кааліцыі для спрашчэння пераходу ўлады ў Беларусі”.
Ціханоўская таксама заявіла, што „бачыць унікальны гістарычны шанец закласці аснову для трывалага мірнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю, Украінай, Польшчай і Літвой. а таксама прапанавала, каб „Люблінскі трохкутнік ператварыўся ў Люблінскую чацвёрку – з удзелам дэмакратычнай Беларусі”.