Ціханоўская верыць, што новыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць гэтай восенню
Беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская верыць, што новыя прэзідэнцкія выбары ў краіне пройдуць ужо гэтай восенню. Пра свае чаканні яна распавяла 28 красавіка ў Вене на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэч з кіраўніцтвам Аўстрыі і прадстаўнікамі АБСЕ.
„Я веру, што гэта здарыцца ўвосень, так, — сказала яна. — Я шмат працую, уся мая каманда робіць усё для таго, каб гэта здарылася восенню. Я ў гэта не магу не верыць. Інакш гэта значыць, што я не веру ў каманду, не веру ў беларусаў, у лідараў дэмакратычных. А я ў іх веру”.
На пытанне, чым, на яе думку, рэжым будзе адказваць на ўсё большы націск, Ціханоўская адказала, што ў Аляксандра Лукашэнкі „няма ніякіх рычагоў, акрамя гвалту, — на жаль для людзей”.
„Усё, што ён можа, ён выкарыстоўвае, — канстатавала яна. — Мы бачым працяг рэпрэсій, людзей трымаюць у турмах у нечалавечых умовах. Вядома, вельмі шкада, што ён выкарыстоўвае гэты рычаг як адзіны, ён карыстаецца ім на ўсю моц”.
„Але гэта не зменіць стаўленне людзей. Людзі не змогуць вярнуцца ў той стан бездапаможнасці, у якім мы жылі ўсе гэтыя гады, людзі гатовыя змагацца. Проста гэты крызіс зацягваецца, а гэта нядобра для краіны. Таму калі ёсць нейкая, можа, сумленне ў былога прэзідэнта, ён падумае пра краіну, пра беларусаў, а не пра сваю ўладу, вырашыць, што дастаткова, што трэба зрабіць крок насустрач”, — дадала Ціханоўская.