Ціханоўская: Чэмпіянат павінен быць перанесены з Менска



Візіт кіраўніка Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) у Мінск можа нашкодзіць рэпутацыі арганізацыі, заявіла экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская, каментуючы прыезд Рэне Фазеля ў беларускую сталіцу 11 студзеня і яго сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам.

„Спартыўнае свята не можа праходзіць у краіне, дзе палітвязні сядзяць у карцарах за некалькі кіламетраў ад лядовых арэн, — цытуе Ціханоўскую яе прэс-служба. — Швейцарац Фазель мог бы абараняць грамадзянку Швейцарыі Наталлю Хершэ, якую „сумленны суд” прыгаварыў да 2,5 года зняволення за зрыў балаклавы з амапаўца. Замест гэтага ён марудзіць з заявамі і ставіць пад сумнеў павагу да беларускага народа”.

Ціханоўская адзначыла, што „многія хакеісты, зборныя і федэрацыі краін не збіраюцца ехаць на чэмпіянат, які з’яўляецца шырмай для прававога дэфолту, катаванняў і забойстваў”. „Для іх, як і для нас, свабода, чалавечая годнасць і закон важнейшыя за любыя пасады і ўзнагароды. Чэмпіянат павінен быць перанесены з Менска. У адваротным выпадку я заклікаю ўсе нацыянальныя федэрацыі яго байкатаваць”, — сказала Ціханоўская.

Чэмпіянат павінен прайсці ў маі—чэрвені ў Менску і Рызе. Еўрапейскі парламент 17 верасня выступіў з заклікам адмяніць матчы ў Беларусі ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека пасля прэзідэнцкіх выбараў.