Ціханоўская выступіць на слуханнях у Кангрэсе ЗША
Беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская 6 траўня возьме ўдзел у слуханнях Камісіі па правах чалавека імя Тома Лантаса Кангрэса ЗША.
Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, у сваім выступе, які адбудзецца ў анлайн-фармаце, яна раскажа пра „парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі, формы мірнага пратэсту беларусаў, пра важнасць унутранага і вонкавага націску на рэжым”.
Таксама Ціханоўская падыме пытанне падтрымкі перамоваў у Беларусі пры медыяцыі АБСЕ, пасля якіх у гэтым годзе павінны адбыцца новыя прэзідэнцкія выбары.
„Такія слуханні — лепшы спосаб для Кангрэса ЗША падкрэсліць важнасць якога-небудзь пытання, — адзначаецца ў паведамленні. — Амерыканскія палітыкі, лакальныя і міжнародныя СМІ надаюць пільную ўвагу слуханням у Кангрэсе, таму выступ Святланы Ціханоўскай — добры спосаб яшчэ раз нагадаць ЗША і ўсяму свету аб масавых і сістэмных парушэннях правоў чалавека рэжымам у Беларусі. Камісія Тома Лантаса Кангрэса ЗША займаецца пытаннямі парушэння правоў чалавека ва ўсім свеце”.
У сакавіку Ціханоўская ўжо брала ўдзел у анлайн-слуханнях у камітэце па міжнародных адносінах Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША. Тады яна заявіла, што змяненне Канстытуцыі ў Беларусі неабходна ажыццяўляць паралельна з правядзеннем новых прэзідэнцкіх выбараў ці адразу пасля іх.
„Рэжым кажа аб змене Канстытуцыі, рэферэндуме. Мы ж гаворым пра новыя выбары, перамовы паміж грамадзянскай супольнасцю і рэжымам, — сказала Ціханоўская. — Змена Канстытуцыі сапраўды неабходная, але гэта не пытанне сённяшняга дня. Зараз задача — вырашыць палітычны і гуманітарны крызіс у Беларусі. Папраўкі ў Канстытуцыю павінны прымацца адначасова з новымі прэзідэнцкімі выбарамі ці адразу пасля іх. Мы павінны расставіць прыярытэты”.