Ціханоўская: Якім бы ні быў прысуд Калеснікавай і Знаку, ён іх не зломіць



Правядзенне суда над членамі прэзідыума Каардынацыйнай рады па пытаннях урэгулявання палітычнага крызісу ў краіне (КР) Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам у закрытым рэжыме сведчыць аб тым, што ўлада „баіцца Максіма і Машу”. Так пачатак судовага працэсу над імі пракаментавала дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская.

„Максім лепш за ўсіх у гэтай зале ведае, як павінен працаваць закон — і як ён не працуе, — адзначаецца ў каментары экс-кандыдата ў прэзідэнты. — Яго розум, сумленнасць і непадкупнасць — поўная супрацьлегласць тым супрацоўнікам сістэмы „правасуддзя”, якія будуць прыдумляць яго прысуд”.

„Марыя заўсёды казала, што беларусы неверагодныя. Яна пераканала нас, што страшна ўсім, але са сваім страхам трэба змагацца. Яна парвала пашпарт, каб застацца ў Беларусі, бо верыць у нас больш, чым мы часам самі ў сябе, — падкрэсліла Ціханоўская. — Маша нават на судзілішчы натхняе нас адным сваім выглядам, кожным словам, жэстам і рухам”.

На думку палітыка, суд паказвае, што „рэжым баіцца ўсяго, чаго не разумее і не можа зламаць сілай”. „І якую б лічбу (мабыць, колькасць гадоў пазбаўлення волі. — БелаПАН.) у прыгаворы ні назвалі тыя, хто лічыць сябе пракурорам і суддзёй, яна не зломіць Максіма і Машу — і не зломіць нас. Яны, як і тысячы невінаватых беларусаў, выйдуць на свабоду значна раней”, — заявіла Ціханоўская.

4 жнiўня пачаўся разгляд крымінальнай справы прадстаўнікоў каманды экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, членаў прэзідыума КР Марыі Калеснікавай і Максіма Знака. Справа разглядаецца ў закрытым рэжыме Менскім абласным судом. Суддзя — Сяргей Епіхаў.

Калеснікава была затрыманая 7 верасня 2020 года ў цэнтры Менска. Разам з іншымі прадстаўнікамі КР Антонам Раднянковым і Іванам Краўцовым яе хацелі сілком выправадзіць з Беларусі ва Украіну, аднак зрабіць гэта не атрымалася: на мяжы Марыя парвала свой пашпарт.

Адвакат Максім Знак быў затрыманы праз два дні, 9 верасня.

Паводле інфармацыі Генпракуратуры, Калеснікаву і Знака абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, учыненыя з выкарыстаннем СМІ і сеткі інтэрнэт (ч. 3 арт. 361); змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357); стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім (ч. 1 арт. 361-1). Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Праваабаронцы прызналі Калеснікаву і Знака палітвязнямі.

У судзе абарона Марыі Калеснікавай мае намер настойваць на яе апраўданні. Як паведаміў БелаПАН адвакат Уладзімір Пыльчанка, абаронцы Марыі і яна асабіста не раз падавалі хадайніцтвы аб спыненні крымінальнага пераследу. Абарона Знака таксама заяўляла пра намер хадайнічаць аб правядзенні адкрытага судовага пасяджэння.

У будынак суда і залу да пачатку пасяджэння сёння не пусцілі родных і блізкіх абвінавачаных, а таксама прадстаўнікоў дыпмісій краін ЕЗ і незалежных СМІ.

БелаПАН