Ціханоўская: За апошні год беларускі зрабілі немагчымае



„Жанчыны заўсёды рабілі для Беларусі вельмі многае, але за апошні год беларускі здзейснілі немагчымае”, — заявіла Святлана Ціханоўская ў відэазвароце з нагоды 8 Сакавіка.

„Я ведаю, што мы можам быць вельмі рознымі, — адзначыла экс-кандыдат у прэзідэнты. — Бо беларуская жанчына — гэта і ўсмешка Марыі Калеснікавай, і бясстрашнасць Ніны Багінскай. Гэта бясцэнны вопыт Ліліі Уласавай, якую называюць маці беларускай медыяцыі. І гэта стойкасць Наталлі Хершэ, якая абвясціла галадоўку. Беларуская жанчына — гэта матчын клопат Дашы Лосік, якая гадуе дачку, пакуль муж у турме. І гэта прафесійны гонар журналістак Каці Андрэевай, Дашы Чульцовай і Кацярыны Барысевіч. Гэта добрае сэрца Волі Хіжынковай і тэмперамент Аланы Гебрэмарыям”.

„Але ёсць тое, што аб’ядноўвае ўсіх нас — і тых, хто ўжо паўгода адкрыта выказвае свой пратэст, і тых, хто не адолеў страх, але гэтак жа чакае перамен. Гэта — любоў і сіла беларусак. Кожная з нас з вамі любіць сваіх дзяцей і хоча для іх бяспекі. Кожная хоча мець магчымасць выбіраць свой шлях — будаваць кар’еру або сям’ю, жыць у вялікім горадзе ці маленькім мястэчку, быць палітыкам або хатняй гаспадыняй — і ганарыцца сваім выбарам. Кожная з нас хоча, каб яе паважалі і бераглі — і родныя людзі, і дзяржаўныя законы”, — падкрэсліла Ціханоўская.

На яе думку, 2020 год паказаў, што любові і сілы беларускіх жанчын хопіць на ўвесь свет. „І я ганаруся і шчаслівая быць адной з вас”, — сказала палітык.

belapan.by