Ціханоўская заклікала байкатаваць выбары 2024 года
Святлана Ціханоўская заклікала байкатаваць выбары 2024 года.

„Давайце называць рэчы сваімі імёнамі. Так званы „Адзіны дзень галасавання”, які прызначыў рэжым, – гэта безвыбары. Рытуал без сэнсу і справядлівасці.
Падрыхтоўка да гэтага дня больш нагадвае вайсковую аперацыю. Імёны ў выбарчых камісіях засакрэцілі, а на ўчасткі збіраюцца паставіць міліцыю і вайскоўцаў. Рэжым баіцца любой канкурэнцыі – ён ліквідаваў усе апазіцыйныя партыі, а іх лідараў кінуў у турмы. Паважаныя беларусы, пазбягайце ўдзелу ў рэжымных мерапрыемствах. Будзьце пільныя і не дайце сябе падмануць”, – звярнулася да жыхароў Беларусі Святлана Ціханоўская з нагоды прызначаных на 25 лютага 2024 года выбараў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў восьмага склікання і мясцовыя саветы дэпутатаў 29 склікання пройдуць у адзіны дзень галасавання – 25 лютага 2024 года, а ў Савет Рэспублікі – 24 красавіка 2024 года.
Вылучэнне кандыдатаў у сябры Савета Рэспублікі мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазней за 21 сакавіка 2024 года.
Беларускае Радыё Рацыя
