Ціханоўская заклікала ЕЗ, Вялікабрытанію, ЗША і Канаду пашырыць санкцыі



Пашырыць санкцыі супраць беларускага рэжыму заклікала ЕЗ, Вялікабрытанію, ЗША і Канаду Святлана Ціханоўская, выступаючы на анлайн-мерапрыемстве Каралеўскага аб`яднанага інстытута абаронных даследаванняў на тэму будучыні дэмакратыі ў Беларусі.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі заклікала таксама „расследаваць злачынствы рэжыму, прызнаць АМАП і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі, дапамагчы беларусам у атрыманні еўрапейскіх вакцын і спрыяць дыялогу аб новых свабодных і справядлівых выбарах”, паведаміла яе прэс-служба.

Ціханоўская нагадала пра Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту, які адзначаюць 27 студзеня, і адзначыла, што не ўсе ў Беларусі засвоілі важны гістарычны ўрок.

„Ніколі больш 18-гадовы падлетак не павінен прыгаворвацца да двух гадоў пазбаўлення волі за малюнкі на спецтэхніцы — як Сафія Малашэвіч. Ніколі больш не павінны судзіць журналіста за праўду аб забойстве, учыненым паслугачамі рэжыму, — як Кацярыну Барысевіч. Ніколі больш не павінны бязлітасна забіваць добранамернага грамадзяніна, які абараняе нацыянальныя сімвалы, — як Рамана Бандарэнку. Ніколі больш у Беларусі не павінна быць 221 палітвязня. Ніколі больш ніхто не павінен баяцца выказваць сваё меркаванне і адстойваць свае правы. Больш ніколі”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Былы пасол у Аргентыне Уладзімір Астапенка, які адказвае за шматбаковую дыпламатыю ў Нацыянальным антыкрызісным кіраванні Паўла Латушкі, заявіў, што „тэрор нелегітымнай улады Беларусі супраць уласнага народа павінен быць спынены”. Ён „падкрэсліў небяспеку так званага Усебеларускага народнага сходу, які можа быць выкарыстаны ў якасці шырмы для падмены сапраўднага голасу беларусаў”.

Астапенка расказаў пра агульны план дэмакратычных сіл, які скіраваны на падтрымку пратэставага руху і ахвяр масавых рэпрэсій, узмацненне палітычнага і эканамічнага націску на рэжым, далейшую мабілізацыю міжнароднай супольнасці па абароне фундаментальных правоў і свабод чалавека ў Беларусі і стварэнні ўмоў для арганізацыі інклюзіўнага дыялогу з мэтай выхаду з палітычнага крызісу праз правядзенне новых прэзідэнцкіх выбараў.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел намеснікі міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач і Літвы Мантас Адаменас, брытанскі міністр па пытаннях Еўрапейскага суседства і Амерыкі Вэндзі Мортан.

БелаПАН