Ціханоўская заклікала грамадзян патрабаваць ад уладаў пераліку галасоў
Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская, якая цяпер знаходзіцца ў Літве, выступіла з відэазваротам, у якім заклікала грамадзян патрабаваць ад ЦВК пераліку галасоў, а ад пракуратуры — праверкі выканання закона на прадмет фальсіфікацый падчас выбараў.
„За апошнія некалькі месяцаў мы зрабілі немагчымае. Яшчэ паўгода таму ніхто не верыў, што беларусы змогуць аб’яднацца і сказаць „не” старой уладзе. Але гэта здарылася — мы прыйшлі на выбарчыя ўчасткі і зрабілі свой выбар па законе, мірна і з годнасцю”, — сказала Ціханоўская.
Яна выказала падзяку сваёй камандзе, штабам Валерыя Цапкалы і Віктара Бабарыкі, а таксама кожнаму выбаршчыку, які прагаласаваў за яе. „Нас — прыхільнікаў перамен — большасць. Гэтаму ёсць дакументальнае пацвярджэнне — копіі пратаколаў. Там, дзе камісіі палічылі галасы сумленна, мая падтрымка склала ад 60 да 70 працэнтаў, а ў Новай Баравой — 90 працэнтаў”, — адзначыла Ціханоўская.
Кандыдат у прэзідэнты ўпэўненая, што „беларусы ніколі больш не захочуць жыць з ранейшай уладай, у яго (Аляксандра Лукашэнкі. — БелаПАН.) перамогу большасць не верыць”.
„Мы заўсёды казалі пра тое, што абараняць наш выбар трэба толькі законнымі, негвалтоўнымі спосабамі, а мірны выхад грамадзян на вуліцу ўлада ператварыла ў крывавую бойню, — сказала Ціханоўская. — Сітуацыя крытычная. Я з болем гляджу на тое, што адбываецца ў нашай краіне ў апошнія дні. Для мяне і, я ўпэўненая, для кожнага з нас, прыхільнікаў перамен, чалавечае жыццё — гэта самае каштоўнае. Нам трэба спыніць гвалт на вуліцах беларускіх гарадоў”.
Яна заклікала ўлады пайсці на дыялог з грамадствам. „Я прашу ўсіх мэраў гарадоў 15 і 16 жніўня выступіць арганізатарамі мірных масавых сходаў у кожным горадзе”, — сказала Ціханоўская.
Кандыдат падзякавала „супрацоўнікам, якія адмовіліся выконваць злачынныя загады супраць сваіх грамадзян”, і „тым, хто не пабаяўся і абвясціў забастоўку”. „Дзякуй работнікам БМЗ, электратэхнічнага завода, МАЗа, IT-кампаніям з ПВТ і іншым калектывам, хто далучыўся”, — сказала яна.
„Давайце разам абаронім наш выбар. Падпішыцеся за тое, што вы галасавалі за мяне — Святлану Ціханоўскую. Калі ласка, не заставайцеся ў баку. Нашыя галасы павінны быць пачутыя”, — сказала на заканчэнне Ціханоўская.
Пад відэазваротам размешчаная спасылка на форму заявы ў ЦВК і Генеральную пракуратуру. Падпісантам прапануецца пацвердзіць, што на выбарах прэзідэнта яны галасавалі за Святлану Ціханоўскую. У заяве таксама ўтрымліваецца два патрабаванні: да ЦВК — „правесці паўторны пералік галасоў з допускам незалежных назіральнікаў”, Генпракуратуры — „правесці праверку выканання заканадаўства пры правядзенні выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на прадмет фальсіфікацый”.
belapan.by