Ціханоўская заклікала МЗС Канады заняць цвёрдую пазіцыю па Беларусі



Святлана Ціханоўская заклікае Канаду заняць цвёрдую пазіцыю ціску на рэжым Аляксандра Лукашэнкі і скаардынаваць яе з Еўразвязам і ЗША. Гэтае пытанне  яна ўзняла падчас тэлефоннай размовы з новым міністрам замежных спраў Канады Маркам Гарно, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

Яна распавяла пра гвалт над мірнымі пратэстоўцамі ў Беларусі, уключаючы адвольныя затрыманні і ўмовы ўтрымання палітвязняў у турмах. Ціханоўская і Гарно таксама абмеркавалі ролю АБСЕ і Расеі ў мірным вырашэнні беларускага крызісу, падтрымку рэпрэсаваных, праваабаронцаў і незалежных медыя, узмацненне ціску на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку праз санкцыі і замарозку актываў.

Летась у верасні  Канада ўвяла санкцыі ў дачыненні да васьмі службовых асоб Беларусі, уключаючы Аляксандра Лукашэнку і сілавікоў. У кастрычніку пашырыла спіс прозвішчамі яшчэ 31 беларускага чыноўніка, а ў лістападзе далучылася  да санкцый уведзеных Еўразвязам у дачыненні да Беларусі.   

Беларускае Радыё Рацыя