Ціханоўская заклікала спыніць ціск на членаў Каардынацыйнай рады
Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская, якая знаходзіцца ў Літве, заклікала ўлады спыніць націск на членаў Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне і вызваліць Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага.
Давераная асоба Ціханоўскай Вольга Кавалькова і кіраўнік страйкама Менскага трактарнага завода Сяргей Дылеўскі былі затрыманыя 24 жніўня. На наступны дзень суд арыштаваў іх на 10 сутак.
„Ні для каго не сакрэт, што Беларусь перажывае востры палітычны крызіс. Яго прычына — фальсіфікацыя выбараў, — гаворыцца ў заяве Ціханоўскай, якую распаўсюдзіла яе прэс-служба. — Калі б галасы выбаршчыкаў былі падлічаныя сумленна, не было б ніякай незадаволенасці людзей. Беларусаў абурыла тое, што пасля несумленных выбараў пераможцам быў абвешчаны Аляксандр Лукашэнка, якому народ адмовіў у даверы і падтрымцы. Лукашэнка ўжо не зможа кіраваць краінай, бо людзі патрабуюць, каб ён пайшоў. Яго больш не паважаюць, над ім смяюцца, а ён чапляецца за ўладу”.
Ціханоўская нагадвае, што „Каардынацыйная рада выступае за ўрэгуляванне палітычнага крызісу ў Беларусі шляхам перамоў і правядзення новых сумленных выбараў”. „Але замест пошуку дыялогу адміністрацыя прэзідэнта, які сыходзіць, займаецца дробязнымі абвінавачаннямі і пераследамі, — гаворыцца ў заяве. — Гэта сведчыць аб адсутнасці ў чыноўнікаў і суддзяў дзяржаўнага мыслення. Трэба думаць найперш аб інтарэсах краіны, а не аб інтарэсах таго, хто павінен пайсці згодна з патрабаваннем народа. Ніякія рэпрэсіі не будуць прынятыя нашым грамадствам. Ніякія спробы ўтрымання ўлады не дапамогуць пазбегнуць адказнасці за рэпрэсіі”.
Каардынацыйная рада, заўважае кандыдат у прэзідэнты, выкладае інтарэсы большасці беларусаў. „І наша імкненне да перамен мацнейшае за ваш страх. Я заклікаю праваахоўнікаў неадкладна спыніць націск на членаў Каардынацыйнай рады і вызваліць Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага. Не спрабуйце запалохаць нас і самі не бойцеся ісці на адкрыты дыялог з народам, да якога заклікае Каардынацыйная рада!” — гаворыцца ў заяве.
Фота: скрыншот з відэа