Ціханоўская заклікала ЗША разам з ЕЗ быць пасярэднікамі ў вырашэнні крызісу ў Беларусі



„Я тут для таго, каб стаць голасам тысяч маіх суайчыннікаў, якія сутыкнуліся з несправядлівасцю, запалохваннем і бесчалавечным абыходжаннем. Мой абавязак — сведчыць грубыя парушэнні правоў чалавека і бязлітасныя палітычныя рэпрэсіі”, — заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 6 траўня падчас выступлення ў анлайн-фармаце на слуханнях у камісіі правоў чалавека імя Тома Лантаса Кангрэса ЗША.

„9 жніўня 2020 года рэжым Лукашэнкі адкрыта сфальсіфікаваў выбары, цынічна пазбавіўшы беларусаў права выбіраць сваіх лідараў, — сказала яна. — Фальсіфікацыі на выбарах адбываліся ў Беларусі і раней, але гэтым разам беларусы выразна ўбачылі альтэрнатыўных кандыдатаў — Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Валерыя Цапкалу, якія былі заключаныя ў турму або вымушаныя пакінуць Беларусь. Людзі не змаглі дазволіць рэжыму пазбавіць іх права вырашаць будучыню краіны”.

Ціханоўская адзначыла, што ў краіне пачаліся масавыя мірныя пратэсты, на якія „рэжым адказаў бяспрыкладным гвалтам і жорсткасцю”. „У той час як беларусы мірна пратэставалі, рэжым пачаў жорсткія рэпрэсіі, якія прывялі краіну ў стан беззаконня, — падкрэсліла яна. — У гэты момант зафіксавана больш за 35 тысяч арыштаў, больш за тры тысячы крымінальных спраў, 369 палітычных зняволеных, не менш за восем забітых, тысячы выпадкаў жорсткіх збіванняў і катаванняў, але няма ніводнай справы супраць вінаватых у гвалце прадстаўнікоў рэжыму”.

„Катаванні ў турмах набылі новыя рысы, — заўважыла дэмакратычны лідар. — Адміністрацыя перамяшчае інфікаваных COVID-19 зняволеных па перапоўненых камерах, каб заразіць іншых, па сутнасці, выкарыстоўваючы гэтую патэнцыйна смяротную хваробу ў якасці біялагічнай зброі для пакарання тых, хто не згодны з рэжымам. Апошнім часам узмацняецца жорсткае абыходжанне са зняволенымі, бо рэжым адчайна спрабуе задушыць пратэст, які ўпарта працягваецца”.

У якасці яшчэ аднаго прыкладу жорсткага абыходжання з затрыманымі ўдзельнікамі пратэстаў Ціханоўская назвала выліванне раствору хлёркі на падлогу камер, што ва ўмовах дрэннай вентыляцыі негатыўна адбіваецца на здароўі людзей.

„Перад абліччам такога гвалту я ганаруся тым, што наш пратэст застаецца мірным. Відавочнае адзінства ўсяго грамадства ў яго памкненні да перамен, — сказала яна. — Наш пратэстны рух інклюзіўны і разнастайны. Сіла беларускіх жанчын кідае выклік агрэсіўнай рыторыцы і метадам рэжыму. Рабочыя, спартсмены, настаўнікі, лекары, навукоўцы, студэнты — усе яны аб’ядналіся”.

Беларускі дэмакратычны лідар падкрэсліла, што рэжым Лукашэнкі „адчайна чапляецца за ўладу, выкарыстоўваючы самыя розныя хітрыкі”. „Назваць кагосьці экстрэмістам, тэрарыстам — гэта новы інструмент рэжыму для пераследу людзей і СМІ, каб прымусіць іх замаўчаць. У гэты спіс дадалі блогераў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і палітычных актывістаў. Вы таксама можаце знайсці маё імя ў гэтым спісе, — адзначыла яна. — Пад моцным унутраным і міжнародным націскам Лукашэнка нагнятае страх, калі пагражае прасоўваць інтэграцыю з Расіяй і выкарыстоўвае фіктыўныя змовы, выдуманыя КДБ, абвінавачваючы ўрад ЗША ў тым, што ён з’яўляецца іх натхняльнікам”.

Ціханоўская таксама нагадала, што Лукашэнка заявіў пра намер прыняць дакумент, згодна з якім улада ў выпадку смерці прэзідэнта пераходзіць да Савета бяспекі, што цалкам супярэчыць Канстытуцыі краіны.

„На карту пастаўленыя наша незалежнасць і суверэнітэт, Канстытуцыя і вяршэнства закона, — сказала яна. — Таму мы працягваем выступаць з прапановай аб правядзенні перамоў па мірнай перадачы ўлады. Амаль 800 тысяч беларусаў, што эквівалентна 26 млн амерыканцаў, падтрымалі мой заклік і прагаласавалі за перамовы. Мы працуем з нашымі міжнароднымі партнёрамі, у прыватнасці з АБСЕ, над фарматам і рамкамі такіх перамоў”.

Паводле слоў дэмакратычнага лідара, гэты працэс павінен уключаць нацыянальны дыялог і прымірэнне на аснове вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і аднаўлення іх правоў, правядзенне новых, свабодных і справядлівых, выбараў, а таксама рэформу палітычнай сістэмы, аднаўленне вяршэнства закона і паважанне правоў чалавека.

„Па волі беларусаў я абавязаная дамагчыся, каб гэта адбылося, — сказала Ціханоўская. — Мая краіна знаходзіцца ў крызісе, і таму я заклікаю вас, абраных прадстаўнікоў амерыканскага народа, працягваць дзейнічаць рашуча. Мы заклікаем ЗША ўдзельнічаць у міжнародным пасрэдніцтве сумесна з еўрапейскімі партнёрамі”.

Яна падкрэсліла, што ЗША заўсёды былі стойкімі прыхільнікамі суверэнітэту, дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі, а таксама сталі адной з першых дзяржаў, якая ўвяла санкцыі і візавыя абмежаванні ў дачыненні да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў. Акрамя таго, ЗША адмянілі замарозку санкцый у дачыненні да дзевяці беларускіх дзяржпрадпрыемстваў, што стала „адной з найбольш эфектыўных мер”. „Яшчэ да аднаўлення санкцый рэжым пахіснуўся ад гэтага магутнага недвухсэнсоўнага сігналу. Гэты спіс варта пашыраць”, — сказала Ціханоўская.

„Мы заклікаем ЗША выкарыстаць сваю дыпламатыю для далейшай ізаляцыі Лукашэнкі, каб падкрэсліць, што ён прайшоў пункт палітычнага незвароту, — працягнула Ціханоўская.”

Яна заклікала ЗША ініцыяваць абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі на чэрвеньскім саміце „Вялікай сямёркі”.

Дэмакратычны лідар таксама заклікала Кангрэс ЗША вывучыць магчымасці для павелічэння падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, незалежных СМІ і бізнесу.

„Паколькі Еўрасаюз распрацаваў комплексны план падтрымкі Беларусі, мы заклікаем Кангрэс ЗША знайсці прыдатныя спосабы далучыцца да гэтых намаганняў разам з іншымі ключавымі зацікаўленымі бакамі, — адзначыла Ціханоўская. — Мы лічым, што Злучаныя Штаты як лідар свабоднага свету валодаюць выключнай здольнасцю каардынаваць дзеянні міжнароднай супольнасці ў дачыненні да Беларусі. Міжнародная салідарнасць з беларусамі была ашаламляльнай, і яна іграе важную ролю ў вырашэнні крызісу”.

belapan.by

Фота: t.me/tsikhanouskaya