Ціханоўская заклікала ЗША ўзмацніць ізаляцыю Лукашэнкі



Камісія па правах чалавека ЗША правяла слуханні па сітуацыі ў Беларусі. Мерапрыемства прайшло ў анлайн-фармаце, а трансляцыя вялася на сайце Палаты прадстаўнікоў ЗША.

Адкрываючы пасяджэнне, кангрэсмен Крыс Сміт, адзін з аўтараў Акта аб дэмакратыі ў Беларусі, падкрэсліў, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, якія прайшлі ў жніўні мінулага года, былі сфальсіфікаваныя на карысць Аляксандра Лукашэнкі, а рэальную перамогу на іх атрымала Святлана Ціханоўская.

Сустаршыня слуханняў, кангрэсмен Джэймс Макговерн адзначыў, што падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі са жніўня 2020 года, прыцягнулі ўвагу ўсяго свету спачатку фальсіфікацыяй выбараў, а затым жорсткімі рэпрэсіямі ўладаў у дачыненні да мірных дэманстрантаў. Кангрэсмен звярнуў увагу, што цяпер у Беларусі людзей затрымліваюць нават за тое, што ў іх на балконе вісяць рэчы белага і чырвонага колеру — у каляровай гаме гістарычнага сцяга краіны. У прыватнасці, Макговерн распавёў, што менчук быў арыштаваны за тое, што ў яго на балконе захоўвалася бела-чырвоная скрынка з-пад тэлевізара.

Падчас слуханняў лідарка дэмакратычнае Беларусі Святлана Ціханоўская заклікала ЗША пашырыць санкцыі ў дачыненні афіцыйнага Менску і ўдзельнічаць у міжнародным пасрэдніцтве па ўрэгуляванні крызісу ў Беларусі сумесна з еўрапейскімі партнёрамі, а таксама прыняць актыўны ўдзел у арганізацыі міжнароднай канферэнцыі для абмеркавання шляхоў выхаду з крызісу. Крыс Сміт сказаў, што камісія па правах чалавека накіруе ў Адміністрацыю прэзідэнта ЗША ліст з прапановай арганізаваць такую канферэнцыю.

Беларускае Радыё Рацыя