Ціханоўская запісала адкрыты ліст мужу ў гадавіну яго затрыманьня
29 траўня споўнілася роўна два гады з моманту затрымання блогера Сяргея Ціханоўскага на перадвыбарчым пікеце ў Гародні. Дэмакратычная лідарка Беларусі апублікавала з гэтай нагоды „адкрыты ліст да Сяргея Ціханоўскага”.
„29 траўня — гэта дата, якая змяніла маё жыццё. Таму што 2 гады таму ў гэтую дату я апошні раз бачыла свайго мужа. З тых часоў нашыя з Сяргеем жыцці не належаць ні нам, ні нашым дзецям”, — так пачынае свой відэазварот Святлана Ціханоўская.
Яна адзначае, што за ўвесь гэты час ніводзін яе ліст не трапіў да Сяргея Ціханоўскага за краты, таму вырашыла апублікаваць гэты адкрыты ліст да мужа. Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу „Страна для жизни”. Збіраўся балатавацца ў прэзідэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зняволенні.