Ціханоўская запісала зварот да беларусаў з нагоды гадавіны Слуцкага збройнага чыну



27 лістапада – гадавіна Слуцкага збройнага чыну. І ў савецкія часы, і зараз, гэтая частка нашай гісторыі замоўчваецца ці ад яе ўвогуле адмаўляюцца.

З гэтай нагоды дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская запісала зварот, у якім нагадала пра падзеі таго часу.

“У 1920 годзе беларусы больш за месяц змагаліся за свабоду і права жыць у вольнай краіне. Сяляне ды інтэлігенцыя стаялі плячо да пляча і баранілі незалежную Беларускую Народную Рэспубліку. Яны імкнуліся захаваць нашу краіну непадзельнай – і спыніць агрэсію з боку краіны-суседкі”, – кажа лідарка.

Беларусы змагаліся за саму ідэю існавання краіны і ахвяравалі жыццём, каб іх дзяцей і ўнукаў не паглынула імперская багна. І сёння Беларусі зноў пагражае паглынанне. Як і сто гадоў таму, Расея насаджае ўласныя ідэі і каштоўнасці, каб знішчыць нашае права на самавызначэнне. Але мы не маем права саступіць у гэтай барацьбе.

“Беларусы, бараніце родную культуру, мову, гісторыю. Гэта і будзе нашым сучасным супрацівам імперскаму “рускаму свету”, – такімі словамі Святлана Ціханоўская завяршыла свой зварот.

Беларускае Радыё Рацыя