Ціханоўская запрасіла Ryanair у Беларусь пасля перамогі дэмакратыі



Святлана Ціханоўская сустрэлася ў цэнтральным офісе Ryanair у Дубліне з гендырэктарам кампаніі Майклам О’Ліры.

Ён распавёў, што Ryanair праводзіць уласнае расследаванне па факце ўгону самалёта ў Беларусі. Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, О’Ліры перадаў беларускаму палітыку справаздачу пра вынікі расследавання і паведаміў, што кампанія працуе разам з Міжнароднай арганізацыяй авіяцыі, Польшчай, Літвой і Грэцыяй, збіраючы матэрыялы і доказы.

Ціханоўская падзякавала дырэктару Ryanair за прынцыповую пазіцыю. Яна прапанавала падтрымаць падачу міжнароднага пазову супраць афіцыйнага Менска па факце ўгону самалёта.

Ціханоўская падкрэсліла, што ўлады Беларусі стварылі вельмі небяспечны прэцэдэнт, прымусова садзячы самалёт Ryanair.

Майкл О’Ліры пагадзіўся разгледзець прапанову Ціханоўскай, каб Ryanair прыйшоў у Менск і беларускія рэгіёны пасля перамогі дэмакратыі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: tsikhanouskaya.org