Ціханоўская заяўляе пра гатовасць „выступіць у якасці нацыянальнага лідара” ў пераходны перыяд
Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская, якая знаходзіцца ў Літве, гатовая „прыняць на сябе адказнасць і выступіць у якасці нацыянальнага лідара”. Пра гэта яна заявіла ў сваім чарговым відэазвароце.
„Мы ўсе і наша краіна перажываем цяпер вельмі складаны перыяд сваёй гісторыі. Калі подласць мяжуе з гераізмам, адчай з мужнасцю, а каханне са здрадай. У гэты перыяд мы павінны зрабіць свой выбар, гэтага патрабуе ад нас час, — адзначае Ціханоўская. — У гэтыя дні, калі мы хаваем нашых герояў, я плачу разам з вамі”. „Гэта неверагодная страта для краіны — нявінна забітыя маладыя людзі. Нам неабходна падтрымаць іх сем’і, іх імёнамі мы абавязаныя ў будучыні назваць вуліцы. Іх імёны застануцца ў нашай памяці”.
Ціханоўская ў чарговы раз падкрэсліла, што „не хацела быць палітыкам”. „Але лёс распарадзіўся так, што я апынулася на самой пярэдняй лініі супрацьстаяння з самавольствам і несправядлівасцю. Лёс і вы. Вы, якія паверылі ў мяне, якія далі мне сілы. І зараз кожную хвіліну я захапляюся вашай мужнасцю, вашай самаарганізацыяй і тым, якія вы ўсе моцныя і светлыя”, — сказала кандыдат у прэзідэнты.
„Я гатовая прыняць на сябе адказнасць і выступіць у гэты перыяд у якасці нацыянальнага лідара з тым, каб краіна супакоілася, увайшла ў нармальны рытм. Каб мы вызвалілі ўсіх палітвязняў і ў самыя кароткія тэрміны падрыхтавалі заканадаўчую базу і ўмовы для арганізацыі новых прэзідэнцкіх выбараў — рэальных, сумленных і празрыстых выбараў, якія будуць безумоўна прынятыя сусветнай супольнасцю”, — заявіла Ціханоўская.
Паводле яе слоў, „за мінулыя месяцы стала цалкам відавочным для ўсяго свету, што беларусы — гэта людзі, якія ўмеюць самаарганізоўвацца, прымаць правільныя рашэнні і здольныя пастаяць за сябе і за сваіх блізкіх”. „Але самае галоўнае — што гэта ўсвядомілі мы самі. Гэта тое ўсведамленне, якога нам не хапала доўгія гады. Беларусы сёння праяўляюць цуды гераізму, салідарнасці і прыстойнасці. Раз за разам мы дэманструем свету сваю адданасць ідэям негвалтоўнага супраціву, і гэтым мы даказваем, што праўда — не на баку сілы зброі; праўда — на баку сілы духу: сумленнасці, прыстойнасці і адвагі”, — сказала Ціханоўская.
„Гэтыя сігналы будуць абавязкова пачутыя, і мы атрымаем у свае шэрагі прыхільнікаў ва ўсім свеце, якія дапамогуць нам прайсці гэты складаны перыяд. І ў тым ліку мы зможам вярнуць краіне энергію тых беларусаў, якія воляю лёсаў апынуліся ў іншых краінах свету, — дадала яна. — Яны такія ж, як і мы. І сёння яны робяць усё магчымае, каб перамены хутчэй прыйшлі ў наша жыццё. Упершыню за доўгія гады мы змаглі стаць адным цэлым — беларусамі, тымі, што любяць сваю краіну. Зараз мы не маем права згубіць тую стваральную энергію, тыя станоўчыя змены ў грамадстве, тую рашучасць, якія здабылі, і з якімі можам змяніць нашу краіну, ператварыўшы яе з краіны, дзе кіруе карупцыя і гвалт, у краіну для жыцця ў дабрабыце, бяспецы і шчасці”.
Ціханоўская таксама падкрэсліла, што незалежнасць Беларусі — „тая канстанта, якая не можа быць страчаная ні пры якіх абставінах”.
Яна звярнулася і да людзей у форме, запэўніўшы іх, што калі яны не стануць выконваць злачынныя загады і пяройдуць на бок народа, беларусы іх прабачаць і падтрымаюць. „Мы — беларусы. Мы не маем права падымаць адзін на аднаго руку. Вы павінны з халоднай галавой ацэньваць тое, што адбываецца, задаўшы сабе простае пытанне: каму выгаднае нашае супрацьстаянне і хто здабывае з гэтага самую вялікую карысць для сябе?” — сказала кандыдат у прэзідэнты.
Паводле яе слоў, сёння як ніколі важныя сілы і цярпенне. „Мы выказваем салідарнасць з тымі, хто абараняе свае правы ўсімі мірнымі спосабамі, у тым ліку мірнымі мітынгамі і забастоўкамі. Мы падтрымліваем адзін аднаго, праяўляючы ўзаемадапамогу і салідарнасць, не пакідаючы адзін аднаго ў бядзе. І ўвесь свет глядзіць на нас з захапленнем і надзеяй і гатовы дапамагаць як краіне ў цэлым, так і кожнаму”, — перакананая Ціханоўская.
belapan.by