Ціханоўская заявіла пра недаацэнку роўню гвалту падчас пратэстаў у Беларусі



У інтэрв’ю расейскай радыёстанцыі „Эхо Москвы” Святлана Ціханоўская паразважала пра адзін са сцэнароў змены ўлады — рэвалюцыю. Яна не падтрымлівае яго. „Я разумею, што пры такіх падзеях ахвяры непазбежны, шматлікія ахвяры, асабліва калі рэжым Лукашэнкі гатовы страляць, — сказала яна. — А мы ведаем, што яны гатовы забіваць людзей, таму я не хацела б ахвяраваць беларусамі”.

Ціханоўская лічыць, што падзеі 2020-га не маглі развівацца па іншым сцэнары. „Напэўна, па-іншаму нічога нельга было зрабіць. Мы рабілі – не хачу казаць слова „рэвалюцыя”, але так і ёсць, зыходзячы з бягучых падзей. Адзінае, што недаацанілі ў той момант — „неадэкватнасць улады”. Яна прызнаецца, што была ўпэўненая: улада пабачыць сотні тысяч людзей на вуліцах і „зразумее, што час ужо весці дыялог з беларусамі, а не прымаць рашэнні дзесьці там наверсе, не ўтрымліваць уладу сілай, а пабачыць волю народа”. Але атрымалася ўсё інакш.

Прадстаўніца дэмакратычных сіл Беларусі адзначыла, што на той момант яны „недаацанілі ровень гвалту”. „Вось зараз кіберпартызаны прапануюць інфармацыю з тэлефонных перамоваў паміж сілавікамі. І мы бачым, што да пачатку пратэстных рухаў у Беларусі ўжо будавалі канцлагеры, былі гатовыя страляць і збіваць людзей. Таму з таго боку, з боку рэжыму была падвышаная гатоўнасць усё гэта загнаць зноў на кухню”, – патлумачыла Ціханоўская.