Ціханоўская звярнулася да беларусаў, якія вінавацяць сябе, ці адзін аднаго
“У гэтыя дні мы, беларусы, шмат спрачаемся. Ці павінны мы адчуваць сорам за тое, што нашу краіну зрабілі агрэсарам? Ці не ганебна саромецца сваёй нацыі, як толькі стала так цяжка?”
Адказваючы на гэтыя пытанні, Святлана Ціханоўская прыгадала пра антываенны беларускі рух:
– За апошні тыдзень беларусы зрабілі безліч мясцовых акцый непадпарадкавання і сабатажу, сабралі неверагодную колькасць гуманітарнай дапамогі, выратавалі мноства ваенных бежанцаў, заблакавалі не адзін прапагандысцкі канал, які трансляваў хлусню. Дыяспара дапамагла вярнуць добрае імя Беларусі ў абсалютна розных краінах. І ўвесь гэты час мы на сувязі з прадстаўнікамі Украіны. Яны бачаць і адчуваюць наша адзінства і салідарнасць з імі, але яны кажуць, каб дапамагчы нам, украінцам, дапамажыце сабе, беларусам.
“Беларускі антываенны рух – гэта мы, беларусы,і ўсе нашы дзеянні, каб захаваць сваю краіну, сваю незалежнасць і мір для сваіх дзяцей”, – такімі словамі завяршыла свой зварот Святлана Ціханоўская.
Беларускае Радыё Рацыя