Ціханоўская звярнулася да беларусаў у гадавіну Слуцкага збройнага чыну
Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды 102 угодкаў Слуцкага збройнага чыну.
Тэкст яна размясціла ў сваім тг-канале:
– Сёння – дзень, які амаль не ўзгадваюць у падручніках гісторыі. Толькі 20-30 гадоў таму шырокаму колу беларусаў стала вядома пра Слуцкі збройны чын. Гэта важная частка нашай гісторыі. У 1920 годзе ў Слуцку ўзнялі паўстанне: беларусы хацелі абараніць сваё права жыць у Беларускай Народнай Рэспубліцы – у Беларусі, вольнай ад любой іншай улады, акрамя беларускай.
Гэта быў не «галодны бунт», якіх у тыя гады было шмат на аскепках Расійскай імперыі. Гэта быў рух, у якім і сяляне, і інтэлігенцыя абаранялі ідэю існавання Беларусі. Людзі, якія нават не былі прафесійнымі ваеннымі, змагаліся супраць значна большага войска. Яны не мелі шматгадовай падрыхтоўкі – але мелі годнасць і мэту жыць у сваёй вольнай краіне, а не быць часткай чужой імперыі.
Прайшло сто гадоў – але гісторыя паўтараецца. І мы мусім ведаць урокі гісторыі, каб не хадзіць па коле войнаў і крызісаў. Калі вы, як калісьці я, не ведалі пра Дзень Герояў, пачытайце пра яго і распавядзіце сваім сябрам”, – заклікала Святлана Ціханоўская.
