Ціханоўская выступіла ў Камітэце па замежных справах Сената ЗША
Сёння Святлана Ціханоўская ў анлайн-фармаце звярнулася да Сенату ЗША ў Камітэце па замежных справах.
Яна распавяла пра ўгон самалёта Ryanair, пераслед актывістаў і журналістаў злачынным рэжымам Лукашэнкі, эскалацыю рэпрэсій у Беларусі і адказала на пытанні амерыканскіх сенатараў.
У сваім выступленні Ціханоўская, у прыватнасці, адзначыла: «Рэакцыя міжнароднай супольнасці на падаўленне пратэстаў была прынцыповай, але паступовай і яна змяншалася. Гэта дапамагло рэжыму адаптавацца. Ён адчуў беспакаранасць. Але пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair міжнародная рэакцыя была хуткай і эфектыўнай. Аднак рэакцыя міжнароднай супольнасці не павінна абмяжоўвацца гэтым інцыдэнтам.
Уся сітуацыя ў Беларусі заслугоўвае ўсёабдымнага адказу. У адваротным выпадку Лукашэнка ператворыць нашу краіну ў еўрапейскую Паўночную Карэю – непразрыстую, непрадказальную і небяспечную.
Аднак ЗША разам са сваімі партнёрамі ў Еўропе могуць спыніць гэты шлях.
Я настойліва заклікаю Злучаныя Штаты:
• пашырыць санкцыі супраць саўдзельнікаў Лукашэнкі, якія фінансуюць рэжым, у тым ліку такія прадпрыемствы, як «Беларуськалій» і Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, выявіць крыніцы замежнага фінансавання рэжыму і нацэліць санкцыі на іх;
• абмеркаваць крызіс у Беларусі падчас такіх важных міжнародных мерапрыемстваў, як саміт G7, саміт НАТА, саміт ЕЗ-ЗША, сустрэчы ЗША-Расея, а таксама запрасіць да ўдзелу беларускія дэмакратычныя сілы;
• падтрымаць ЕЗ у арганізацыі міжнароднай канферэнцыі высокага роўню па ўрэгуляванні крызісу ў Беларусі з удзелам асноўных зацікаўленых бакоў;
• распрацаваць пакет дапамогі ЗША, заснаваны на усёабдымным плане ЕЗ для дэмакратычнай Беларусі. Важна запэўніць беларусаў у тым, што яны атрымаюць дапамогу пасля пераменаў.
Гэтыя дзеянні маглі б стаць штуршком для пачатку транзіту ўлады – менавіта гэтага патрабуюць беларусы. Інакш Лукашэнка і іншыя дыктатары па ўсім свеце будуць адчуваць сябе беспакаранымі і працягнуць свабодна парушаць міжнародныя нормы, каб знішчаць сваіх праціўнікаў», – падсумавала Святлана Ціханоўская.
Фота: t.me/tsikhanouskaya