Ціск на Паўла Вінаградава ўзмацняецца



Міліцыя працягвае ціск на кіраўніка моладзевага аб’яднання Zмена Паўла Вінаградава. Сёлета ён ужо адбыў 65 сутак арышту паводле надуманых абвінавачванняў у непадпарадкаванні міліцыі, дробным хуліганстве, знаходжанні ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане.

23 кастрычніка скончыліся чарговыя 15 сутак яго арышту. Аднак з Менскага цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў Вінаградава не выпусцілі, а адвезлі ў Маскоўскі РАУС:

– Нам далі шмат папераў распісацца, што я папярэджаны пра адказнасць за здзяйсненне адміністратыўных правапарушэнняў і крымінальных злачынстваў. Зноў гаварылі, каб ехаў у Беразіно і каб не жыў у Менску. Сказалі, што хутка на ЛТП камісію паедзем. Таксама мне змянілі правілы адзначэння па наглядзе. Раней мне трэба было хадзіць па чацвяргах і часу ў мяне было на адзначэнне з 9 раніцы да 18 вечара. То цяпер мне трэба хадзіць па пятніцах і мне далі толькі гадзіну.

Згодна з гэтымі новымі правіламі прэвентыўнага нагляду, Павел Вінаградаў пойдзе адзначацца ў міліцыю 24-га кастрычніка. Ён не выключае, што зноў можа быць затрыманы і асуджаны паводле фальшывых абвінавачванняў.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя