ТСН: Экс-міністр абароны Украіны хаваецца ў Драздах



Экс-міністры і высокапастаўленыя чыноўнікі часоў прэзідэнцтва Віктара Януковіча, у дачыненні да якіх распачаты крымінальныя справы, уладкавалі сваё жыццё ў краінах былога СССР і ў Крыме.

23998643

Па звестках ТСН, экс-міністр абароны Міхаіл Ежаль, якога год таму пазбавілі пасады пасла Украіны ў Беларусі, пасяліўся ў Менску, у мікрараёне Дразды. У Беларусі ён мае від на жыхарства, а ва Украіне супраць яго адкрыта больш за 50 крымінальных справаў. У сакавіку 2016 года Ежаля абвясцілі ў вышук.

Яшчэ адзін экс-міністр абароны Павел Лебедзеў, які знаходзіцца ў вышуку ваеннай пракуратуры, пасяліўся ў анексаваным Крыме. Цяпер ён узначальвае грамадскую арганізацыю «Мы — севастопальцы» і з’яўляецца намеснікам прэзідэнта расійскага Саюза прамыслоўцаў у Севастопалі. Таксама ў свой час Лебедзеў засвяціўся ў Крамлі на сходзе з нагоды анексіі паўвострава.

Таксама ўладкаваць сваё жыццё пасля ўцёкаў з Украіны ў Крыме вырашылі экс-міністр аховы здароўя Раіса Багатырова, якая пражывае ў Фаросе, аўтар «дыктатарскіх законаў» экс-нардэпаў Уладзімір Алейнік, які пасяліўся ў Ялце, і экс-нардэп ад Партыі рэгіёнаў Вадзім Калеснічэнка. Апошні са студзеня бягучага года ўзначальвае Крымскі футбольны саюз, а ў красавіку яго прызначылі «прадстаўніком губернатара Севастопаля ў заканадаўчым сходзе». Да Дня Перамогі ён нават арганізаваў акцыю «Георгіеўская стужка».

Нягледзячы на фатаграфіі асабняка экс-прэм’ера Мікалая Азарава ў Падмаскоўі, па дадзеных крыніц ТСН, ён жыве таксама ў Крыме — у Гурзуфе.

Экс-міністр адукацыі Дзмітрый Табачнік і экс-міністр энергетыкі і вугальнай прамысловасці Эдуард Ставіцкі, нягледзячы на санкцыі ЗША і ЕС, з’ехалі ў Ізраіль. У сваю чаргу, экс-кіраўнік НБУ Ігар Соркін, які ў свой час стаў пераемнікам Сяргея Арбузава, жыве ў Арменіі, дзе мае свой рэстаранны бізнэс.

Яшчэ адзін экс-кіраўнік НБУ Сяргей Арбузаў, як паведамлялася раней, жыве ў Маскве. Там ён займаецца навуковай дзейнасцю. У той жа час экс-прэзідэнт Віктар Януковіч пасяліўся ў Растове-на-Доне. Расійскія чыноўнікі запэўніваюць, што экс-кіраўнік Украіны не мае расійскага грамадзянства.