ЦВК абнародавала звесткі пра колькасць подпісаў



Цэнтрвыбаркам абнародаваў звесткі пра колькасць подпісаў, здадзеных прэтэндэнтамі для іх рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты.

Як паведамілі БелаПАН у ЦВК, за Аляксандра Лукашэнку пададзена 1.958.800 подпісаў, пасля праверкі сапраўднымі прызнаныя 1.939.572.

За Віктара Бабарыку пададзена 367.179 подпісаў, з іх сапраўднымі прызнаныя 165.744. Паводле дадзеных штаба прэтэндэнта, за яго сабрана амаль 435 тысяч подпісаў, але па аб’ектыўных прычынах здадзена больш за 365 тысяч.

Валерый Цапкала, паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама, здаў 158.682 подпісы, сапраўднымі прызнаныя 75.249. Прэтэндэнт раней заяўляў пра здачу 160 тысяч пры сабраных 200 тысячах подпісаў.

Ганна Канапацкая, паведамілі ў ЦВК, падала 151.631 подпіс, прызнаныя сапраўднымі 146.588. Нагадаем, раней палітык заяўляла журналістам, што здала крыху больш за 110 тысяч вывераных подпісаў. Пазней прэс-сакратар прэтэндэнта Таццяна Палякова патлумачыла, што Канапацкая мела на ўвазе колькасць подпісаў, якія яна сама здала ў тэрытарыяльныя камісіі сталіцы. «Але ў яе ж яшчэ і каардынатары па ўсіх абласцях, яны ж самі падвозілі. Плюс яшчэ па Менску падвозілі таксама. Гэта значыць Ганна аднесла не ўсе подпісы ў сукупнасці, а сваю частку павезла», – сказала Палякова.

За Сяргея Чэрачня, паведамляе ЦВК, пададзена 149.750 подпісаў, з іх прызнаныя сапраўднымі 143.109. Прэтэндэнт раней паведамляў, што за яго сабрана 106,5 тысячы.

Андрэй Дзмітрыеў, паводле звестак Цэнтрвыбаркама, здаў 110.754 подпісы, з іх прызнаныя сапраўднымі 106.841. Сам ён раней паведамляў пра 107 тысяч сабраных подпісаў.

Святлана Ціханоўская, паводле інфармацыі ЦВК, падала 109.479 подпісаў, сапраўднымі прызнаныя 104.757. Яе ініцыятыўная група паведамляла, што перадала ў выбаркамы каля 110 тысяч подпісаў, яшчэ 38 тысяч з розных прычын каманда здаць не паспела.

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта, які сабраў больш за ўсіх подпісаў пасля Аляксандра Лукашэнкі, – былы старшыня праўлення «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка – цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Ён, а таксама яго сын і кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка былі затрыманыя 18 чэрвеня па падазрэнні ва ўчыненні эканамічных злачынстваў. Вядома, што ім выстаўленыя абвінавачванні, але адвакатам забаранілі паведамляць, па якіх менавіта артыкулах Крымінальнага кодэкса.

У дзень затрымання старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель паведаміў: Віктар Бабарыка «затрыманы ў сувязі з тым, што зʼяўляўся непасрэдным арганізатарам і кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці, паспрабаваў уздзейнічаць на сведкаў, схаваць сляды раней учыненых злачынстваў і літаральна на днях зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў». Паводле слоў старшыні КДК, у межах расследавання распачатыя справы па шасці артыкулах КК.

За некалькі дзён да гэтага ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых камерцыйных кампаній прайшлі вобшукі. Лукашэнка публічна заявіў, што праверка дзейнасці банка, якім да выбарчай кампаніі кіраваў Бабарыка, праводзіцца згодна з яго даручэннем. Пры гэтым дзейны кіраўнік дзяржавы сцвярджаў, што ніякай палітычнай падаплёкі ў справе няма.

Бабарыка звязаў тое, што адбываецца, са сваёй палітычнай дзейнасцю. «Маштабнасць гэтай акцыі беспрэцэдэнтная. Яна праводзіцца ў межах перадвыбарнай кампаніі, і, з майго пункта гледжання, відавочна, што яна носіць палітычны характар», – заявіў ён за некалькі дзён да свайго затрымання.

«Міжнародная амністыя» прызнала Віктара Бабарыку і яго затрыманых паплечнікаў палітычнымі вязнямі.

Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты адбудзецца 14 ліпеня.

Выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 9 жніўня.

БелаПАН