ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы блогера Ціханоўскага



Цэнтрвыбаркам на пасяджэнні 15 мая адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Сяргея Ціханоўскага, паведамляе БелаПАН.

41-гадовы гомельскі відэаблогер змешчаны ў гомельскі ІЧУ для адбыцця 15-сутачнага арышту за ўдзел у акцыі супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй у снежні 2019 года.

Дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы падала яго жонка Святлана Ціханоўская на падставе даверанасці. ЦВК вырашыла, што блогер няправільна аформіў дакументы, бо на заяве няма ягонага подпісу. 

Таксама Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп шэрагу так званых „кандыдатаў пратэсту” — прыхільнікаў апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча.

Як заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, прычына адмовы ў рэгістрацыі — парушэнне патрабаванняў Выбарчага кодэкса, у тым ліку „парушэнне прынцыпу добраахвотнасці пры фармаванні ініцыятыўных груп”.